МАЗ павялічыў продажы грузавікоў у Расію, але за кітайцамі не ўгнацца

Грузавы аўтамабіль МАЗ

Грузавы аўтамабіль МАЗ

Продажы аўтобусаў Мінскага аўтазавода ў Расію па выніках дзевяці месяцаў знізіліся на 22,3% да 730 машын, піша Reform.by са спасылкай на справаздачу "АСМ-Холдынг" аб стане аўтарынка. І пры гэтым расійскі рынак аўтобусаў расце. З пачатку года ён вырас больш чым на 30%. Лідарам застаецца ПАЗ. Продажы гэтага расійскага прадпрыемства выраслі сёлета на 26% да 4637 машын. Другое месца ў кітайскага Yutong, ён паставіў у Расію 1588 аўтобусаў. І гэта ў 3,2 разы больш, чым летась.

МАЗу ўдалося нарасціць продажы грузавікоў. За 9 месяцаў гэтага года беларускае прадпрыемства прадало ў Расіі 4 тысячы 692 такія машыны. Гэта амаль у паўтара раза больш (на 53,4%), чым за аналагічны перыяд мінулага года. Але гэта нішто ў параўнанні з ростам кітайскіх паставак. Кітайскія кампаніі займаюць другое, трэцяе і чацвёртае месцы на расійскім рынку. Продажы кампаніі SITRAK выраслі ў 22 разы, яна сёлета рэалізавала ў Расіі 18,2 тысяч аўтамабіляў. Shaanxi прадала ў Расіі за гэтыя 9 месяцаў 15,8 тыс. машын, FAW — 11,57 тыс. Лідарам рынку застаецца расійскі КАМАЗ з продажамі ў 23 тысячы 900 адзінак аўтамабіляў.

Нагадаем, летам віцэ-прэм'ер беларускага ўрада Мікалай Снапкоў скардзіўся, што кітайцы выцясняюць з расійскага аўтамабільнага рынку і беларусаў, і расіянаў. Ён прыводзіў такія лічбы: калі раней доля грузавікоў, зробленых у КНР, на расійскім рынку была 9,5%, то зараз — амаль 58%.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі