Міліцыя ў Курапатах не дазволіла актывістам усталяваць намёты
У Курапатах міліцыя не дазваляе актывістам усталяваць намёты каля рэстарана "Поедем поедим". У абаронцаў Курапатаў забралі ўжо два намёты, якія яны спрабавалі паставіць. Першы забралі пры спробе паставіць, другі прастаяў каля 10 хвілінаў.
Маёр міліцыі падыйшоў да Паўла Севярынца і заявіў яму: "Намётаў тут не будзе, зразумеў?".
Міліцыянт у цывільным затрымаў журналістку тэлеканала "Белсат" Кацярыну Андрэеву, якая рабіла сюжэт пра супрацьстаянне ў Курапатах. Таксама міліцыянты спрабавалі затрымаць журналістку Еўрарадыё Анастасію Бойка. Аднак, вывучыўшы акрэдытацыю, ёй проста забаранілі здымаць затрыманую Андрэеву ў міліцэйскай машыне.
Ніна Багінская кажа, што адзін з міліцыянтаў яе паслаў на тры літары і штурхануў.
Абаронцы Курапатаў выступаюць супраць адкрыцця рэстарана (вядомага раней як "Бульбаш-Хол"), пастаўленага каля месца сталінскіх расстрэлаў.