Міліцыянты затрымалі ў Гомелі паўсотні падлеткаў
Затрыманні падлеткаў у Гомелі / t.me/flagshtok
Каля гандлёвага цэнтра "Сакрэт" у Гомелі сілавікі затрымалі 28 лютага прыкладна паўсотні падлеткаў, паведамляе zerkalo.io са спасылкай на ГУБАЗіК. Падлеткам пагражае пастаноўка на ўлік, адміністрацыйныя працэсы і крымінальныя справы.
"У Беларусі праз сетку інтэрнэт была ажыццёўленая спроба сабраць прыхільнікаў так званых "ПВК Родан" у ГЦ "Сакрэт" у Гомелі. Міліцыя аператыўна адрэагавала на спробу правядзення незаконнага масавага мерапрыемства", — заявілі сілавікі.
У ГУБАЗіК падкрэсліваюць, што затрыманне адбылося без ужывання сілы. Затрыманых падлеткаў даставілі ў Цэнтральнае РАУС Гомеля. Праверка паказала, што большасць падлеткаў ва ўзросце 13-18 гадоў прыйшлі паглядзець, "ці будзе нейкая бойка".
Тым, каму не споўнілася 16 гадоў, вынеслі папярэджанне і перадалі бацькам. Іх паставяць на ўлік па справах непаўналетніх.
Тых, каму ўжо споўнілася 16 гадоў, чакае больш суровая адказнасць. "Асобы старэйшыя за 16 гадоў, якія мелі намер удзельнічаць у дэструктыўных дзеяннях з адпаведнай сімволікай і атрыбутыкай, будуць прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці за ўдзел у незаконных масавых мерапрыемствах. Па гэтым факце будзе ўзбуджаная крымінальная справа", — кажуць у ГУБАЗіК. Міліцыянты пагражаюць выявіць і затрымаць асобаў, "якія ажыццяўлялі заклікі ў Сеціве".
Як распавядала Еўрарадыё, збор падлеткаў каля гомельскага ГЦ "Сакрэт" 28 лютага скончыўся масавымі затрыманнямі. У гандлёвым цэнтры быў прызначаны збор прыхільнікаў новай субкультурнай моладзевай плыні — "ЧВК Родан".
Гэтая плынь адзначылася масавымі бойкамі ў некалькіх расійскіх гарадах, а таксама ва Украіне — у Харкаве і Кіеве. Удзельнікі боек былі затрыманыя.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.