Дзяржстандарт здымае з прылаўкаў дзіцячае адзенне беларускай вытворчасці
Дзіцячая вопратка
З 13 лістапада Дзяржстандарт здымае з прылаўкаў крамаў дзіцячае адзенне, якое вырабляе прыватнае прадпрыемства "КОТТОНИ КОМПАНИ" з Жабінкі. У чыноўнікаў з'явіліся пытанні да двух вырабаў дашкольнай групы: сарафану і сукенкі для дзяўчынак.
Гэта адзенне не адпавядае патрабаванням Тэхнічнага рэгламенту Мытнага саюза "Аб бяспецы прадукцыі, прызначанай для дзяцей і падлеткаў" па гіграскапічнасці.
Гіграскапічнасць тканіны — гэта яе здольнасць паглынаць і ўтрымліваць вільгаць. Гэтая ўласцівасць дазваляе тканіны змяняць свае фізічныя характарыстыкі пад уздзеяннем вільгаці (напрыклад, поту), што важна для падтрымання камфорту цела.
Для трыкатажных вырабаў другога пласта дашкольнай групы гіграскапічнасць павінна складаць не менш як 6%. У сарафана ж яна толькі 3,6%, а ў сукенкі — і ўвогуле 1,5%.
Гіграскапічнасць і паветрапранікальнасць — два паказчыкі, на парушэнні якіх Дзяржстандарт ловіць вытворцаў адзення часцей за ўсё.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.