Мілінкевіч: Папрокаў, што мяняю Беларусь на замежныя паездкі, не баюся

121018_luka6uk_paezdki.mp3

Два разы ў Брусэлі і адзін раз у Вільні былі беларускія апазіцыянеры за апошнія паўтара тыдні. У планах на бліжэйшыя дні — чарговая паездка ў літоўскую сталіцу. Тым не менш лідары дэмсіл упэўненыя: словы класіка пра тое, што “трэба дома бываць часцей” — не пра іх.

“Мы ўзнялі пытанне (падчас апошняй паездкі ў Брусэль. — Еўрарадыё), каб Літва і Польшча ў аднабаковым парадку пачалі рэалізацыю пагаднення аб ільготным перасячэнні мяжы для людзей, якія пражываюць у 50-кіламетровай зоне. Гэта інтарэсы больш чым 1 мільёна людзей. І сёння я перадаў (праз амбасаду Літвы ў Мінску. — Еўрарадыё) падрыхтаваную паперу прэм’ер-міністру Кубілюсу. Дзеля вырашэння гэтай праблемы, я лічу, можна і патрэбна ездзіць і ў Вільню, і ў Варшаву, і сустракацца ў амбасадах. Ці вы лічыце па-іншаму?” — нават крыху крыўдзіцца на пытанне наконт частых замежных вандровак лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

Маўляў, можна ездзіць і па Беларусі, але з нулявым вынікам. Да ўсяго, цягам усёй парламенцкай кампаніі яны нідзе за мяжой не былі. А пасля 23 верасня Лябедзька ў іншых краінах быў усяго два разы. Да таго ж, у АГП плануюць паміж такімі паездкамі выходзіць “да прахадных” — інфармаваць людзей... пра вынікі выбарчай кампаніі. Каб паспяваць паўсюль, старшыня АГП пагаджаецца на аднадзённыя вандроўкі за мяжу.

Анатоль Лябедзька: “Дрэнная паездка на тыдзень. Я думаю, што за гэты час можна шмат чаго зрабіць. А так, у Брусэль на адзін дзень, туды-назад — тут можна нармальна планаваць свой час і для працы ў Беларусі”.

Папрок у тым, што лідары апазіцыі мала бываюць у рэгіёнах, лідар руху “За свабоду” Аляксандр Мілінкевіч прымае. А вось заўвагу наконт занадта частых замежных паездак — не. Маўляў, пакуль тут дыктатура — нашы галоўныя партнёры там.

Аляксандр Мілінкевіч: “Я, калі паездка сур’ёзная і важныя сустрэчы, ніколі не адмаўляюся і не баюся папрокаў, што “ён мяняе Беларусь на камфортныя паездкі за мяжу”. Проста трэба выбіраць, што сёння самае галоўнае. Але не супрацьпастаўляць! Нельга сказаць, што таму мала ў рэгіёнах, бо ездзяць па замежжах — у Беларусі апазіцыянеры, і я ў тым ліку, сядзяць значна больш”.

Мілінкевіч толькі ўчора вярнуўся з адпачынку — лекаваўся ў спецыялізаваным санаторыі ў Венгрыі. Што не перашкодзіла палітыку наведаць Уроцлаў, дзе праходзіў тыдзень беларускай культуры.

Сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі наадварот… скардзіцца на колькасць паездак!

Віталь Рымашэўскі: “Прадстаўнікі Беларускай хрысціянскай дэмакратыі маюць абмежаваную магчымасць выезду за мяжу. Не толькі я, але і іншыя. Частымі назваць такія паездкі прадстаўнікоў БХД немагчыма проста!”

Тым не менш пад сумесным зваротам да кіраўніцтва ЕС, прынятым у Брусэлі 12 беларускімі апазіцыйнымі партыямі і рухамі, стаіць прозвішча і Рымашэўскага.

Не часта, прызнаецца намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, па замежжах катаюцца і іх прадстаўнікі. Тут прычыны дзве: не ўсе прапановы “бэнээфаўцы” лічаць цікавымі, а сустрэчы — важнымі. Даводзіцца адмаўляцца ад тых сустрэч, якія прыпадаюць на буднія дні. Яны ж працуюць, якія вандроўкі! Таму, калі быў за мяжой ён ці Аляксей Янукевіч, дакладна і не прыгадвае.

Шэсць месяцаў быў невыязным з Беларусі Станіслаў Шушкевіч. 27 верасня з яго гэтую забарону знялі. Акурат цяпер палітык знаходзіцца ў Варшаве — 17 кастрычніка ён выступаў у Вышэйшай гандлёвай школе. Не адказваюць 18 кастрычніка тэлефоны кіраўнікоў “Справядлівага света” Сяргея Калякіна і яго намесніка Валерыя Ухналёва. Дзе яны — невядома.

“Можа, іх пад хатні арышт пасадзіць”,пажартаваў з гэтай нагоды ў гутарцы з Еўрарадыё “невыязны” лідар кампаніі “Гавары праўду!” Уладзімір Някляеў.

Фота: openbelarus-pl.ucoz.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі