Мінабароны Расіі: Украінцы ўзялі ў палон вайскоўцаў, але — былых (відэа)
І запатрабавала ад Кіева вызваліць палонных.
Мінабароны Расіі пракаментавала палон грамадзян Расіі Аляксандра Аляксандрава і Яўгена Ерафеева, якіх захапілі на Луганшчыне. Афіцыйны прадстаўнік расійскага ведамства генерал-маёр Ігар Канашэнкаў заявіў, што на момант свайго затрымання 17 траўня 2015 года яны "не з'яўляліся дзеючымі вайскоўцамі Узброеных Сіл РФ". Заява прагучала праз суткі пасля таго, як Кіеў паведаміў пра палон двух афіцэраў ГРУ Расіі, перадае РБК.
Палонныя расійскія вайскоўцы далі паказанні ўкраінцам (фота, відэа)
Канашэнкаў адзначыў, што падчас канфлікту на Данбасе на тэрыторыі Расіі "неаднаразова затрымліваліся дзясяткі і нават сотні ўкраінскіх вайскоўцаў і байцоў так званых "тэрытарыяльных" батальёнаў". Пасля аказання неабходнай дапамогі ўсе яны на працягу кароткага часу свабодна вярталіся да сваіх родных і блізкіх, дадаў ён. Прадстаўнік Мінабароны кажа, што Масква разлічвае на вызваленне палонных.
У панядзелак Reuters са спасылкай на кіраўніка СБУ Валянціна Налівайчанку паведаміў, што затрыманых вайскоўцаў будуць судзіць за ўдзел у тэрарыстычнай арганізацыі. Налівайчанка падкрэсліў, што тыя мелі пры сабе зброю расійскай вытворчасці і былі накіраваныя ва Украіну з мэтай злачынстваў супраць мірнага насельніцтва і сіл антытэрарыстычнай аперацыі.