Мінархітэктуры спыніла будаўніцтва стаянкі каля Нацыянальнай бібліятэкі
1 лістапада былі прыпыненыя будаўнічыя работы па пашырэнні аўтастаянік каля Нацыянальнай бібліятэкі.
Як паведамляла Еўрарадыё, пашырэннем стаянкі займаецца забудоўшчык комплекса "Маяк Мінска". Архітэктары бібліятэкі білі трывогу: такое будаўніцтва пагражае тым, што падземныя воды пойдуць пад бібліятэку.
У каментары tut.by прэс-сакратар Мінбудархітэктуры Яўгенія Філімонава паведаміла, што на спецыяльнай нарадзе намеснік міністра архітэктуры і будаўніцтва Дзмітрый Семянкевіч выслухаў усе зацікаўленыя бакі. Тады ж было вырашана прыпыніць з 1 лістапада ўсе работы каля бібліятэкі. Цяпер спецыялісты правядуць гідрагеалагічныя даследаванні глебы, каб вывучыць уплыў падземных вод. Пасля гэтага будзе вырашацца, якія будаўнічыя працы тут могуць рабіцца і ці могуць яны весціся ўвогуле.
Намесніца начальніка Дзяржкантролю па Мінску Вера Мацулевіч удакладніла журналістам, што работы па пашырэнні стаянкі спыненыя Дзяржбуднаглядам на падставе ліста міністра архітэктуры і будаўніцтва.
Новы праект з паменшанай стаянкай для патрэб бібліятэкі і добраўпарадкаваннем тэрыторыі павінен з'явіцца да 18 лістапада.