Мінчук прайграў апеляцыю і паедзе на "хімію" за антырасійскі камент у Інстаграме

Мінчук прайграў апеляцыю і паедзе на "хімію" за антырасійскі камент у Інстаграме

Вярхоўны Суд Беларусі адхіліў апеляцыю 45-гадовага Змітра К., які атрымаў тры гады “хіміі” за антырасійскія каментарыі ў Інстаграме. Мінчук назваў расіян м*****і [грэблівая мянушка жыхароў Масквы] і свіна***** [дрэннымі расіянамі]. Яго абвінавацілі па частцы 1 артыкула 130 Крымінальнага кодэкса за распальванне нацыянальнай варожасці.

“Першапачаткова я абскарджваў прысуд у гарадскім судзе, потым у Вярхоўным. Міліцыя, следчыя, хадайнічалі за мяне, каб тэрмін быў меншы. Яны лічылі мой прысуд няправільным і жорсткім, — распавядае Еўрарадыё Зміцер К. — Цяпер прысуд набыў моц, але больш за месяц трэба, каб мяне аформіць”.

Што праўда, дзякуючы сёлетняй амністыі тэрмін пакарання зменшыўся на адзін год.

У Змітра цяжарная жонка і невялікі бізнес. Мужчына выступае супраць расійскай агрэсіі ва Украіне і “імперскасці”. У свой час ён дапамагаў міліцыі знаходзіць беларусаў, якія ваявалі на акупаваным Данбасе на баку “ЛДНР”.

“Я супраць “канапавай вайны” і за практычныя крокі. Шкадую толькі, што паддаўся эмоцыям, — працягвае Зміцер. — Я збіраў грошы, медыкаменты і дапамагаў украінцам. Я прадпрымальнік, мне падабаецца, калі ёсць эканамічны эфект. І напрыклад, я заклікаю ўсіх не купляць расійскія тавары”.

Зміцер лічыць, што каментарый, за які яго судзілі, гэта толькі зачэпка. Маўляў, сапраўдная прычына крымінальнай справы супраць яго — іншыя, больш рэзкія выказванні пра расіян.

“Давайце па праўдзе: за гэты каментарый мяне не судзілі б, — дадае Зміцер К. — Я не лічу, што ў Беларусі ёсць вялікія праблемы. Але калі яны ёсць, дык я вінавачу не Лукашэнку, а Расію і Крэмль. Не будзе Крамля — Беларусь будзе ў Еўрасаюзе ці стане другой Швейцарыяй. Я лічу, што шкодзіць краіне не ён [Аляксандр Лукашэнка. — Еўрарадыё], а Крэмль”.

Больш важных навінаў у праграме “Еўразум”:

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі