Мінчуку далі 15 сутак за БЧБ-сэрцайкі на акне ў дзіцячай. Іх канфіскавалі
БЧБ-сэрцайкі на акне / Фота: newgrodno.by (носіць ілюстрацыйны характар)
Жыхара Менска асудзілі на 15 сутак паводле артыкула 24.23 КаАП за тры БЧБ-сэрцайка на акне ў дзіцячым пакоі, піша ТГ-канал"Вясна назірае". Суддзя прызнаў гэта пікетаваннем.
Ігара Лемешева затрымалі 18 сакавіка і з дома адвезлі на Акрэсціна. Паведамленне ў міліцыю паступілі ад "неабыякавай грамадзянкі", якая паведаміла ў РАУС, што "на дошцы аб'яў яна выявіла улёткі палітычнага зместу, а на дзесятым паверсе хтосьці вывесіў БЧБ-сэрцайкі".
Сам мянчук на судзе распавёў, што сэрцайкі выразаў з дзецьмі яшчэ перад новым годам. Пасля свята сэрцайкі знялі, а тры з іх вырашылі пакінуць.
Справу разглядаў суддзя Сяргей Шаціла. Як перадае тг-канал, на пасяджэнні апытанне затрыманага выглядала трохі дзіўна:
— Чаму менавіта тры сэрцайка?
— Колькі дзеці выразалі, столькі і наляпілі.
— Адкуль вы ўзялі лісты?
— Дзіцячы набор каляровай паперы.
— Чаму зялёныя сэрцайкі не выразалі?
—Чырвонае сэрцайка-гэта нармальна.
Да матэрыялаў справы былі далучаныя сэрцайкі памерам 20 сантыметраў.
Вынік разгляду справы — 15 сутак арышту і канфіскацыя папяровых сэрцайкаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.