Мінгандлю пераконвае ГЦ здаваць плошчы беларускім вытворцам па льготных цэнах
Гандлёвы цэнтр у Мінску
Беларускія вытворцы атрымалі права на шэраг прэферэнцый пры арэндзе памяшканняў у некаторых гандлёвых цэнтрах. Гэтыя прэферэнцыі прапісаны ў пагадненні, якое напярэдадні падпісалі ўладальнікі гандлёвых цэнтраў, прадстаўнікі Міністэрства антыманапольнага рэгулявання (МАРГ) і гандлю і Мінгарвыканкама.
Гаворка ідзе пра зніжэнне арэнднай платы мінімум на 15%, магчымасці атрымаць "арэндныя вакацыі" на час будаўнічых работ (але на тэрмін не больш за 3 месяцы). Акрамя таго для беларускіх вытворцаў у гэтых ГЦ прадугледжана фіксаваная стаўка арэнднай платы на год і вызваленне ад аплаты рэкламных і маркетынгавых паслуг.
У МАРГ адзначылі, што пагадненне ўжо падпісалі 65 суб'ектаў гаспадарання і 139-ці гандлёвых цэнтраў. "Мы бачым, як уладальнікі гандлёвых цэнтраў, калі азнаямляюцца з пагадненнем, прыходзяць да таго, што можна яго падпісаць", — кажа намеснік міністра Ніна Емяльянава. Пры гэтым, адзначым, усяго ў Беларусі зарэгістравана 572 ГЦ.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.