Мінгарвыканкам: устаноўка шапікаў-"Табакерак" дапаможа знізіць спажыванне тытуню
Мінгарвыканкам не дазволіць прадпрымальнікам ставіць шапікі з дробным гандлем на прыпынках транспарту, як гэта дазволілі кампаніі "Энерга-Оіл", якая ставіць "Табакеркі". Гэта вынікае з ліста за подпісам намесніка сташыні Мінгарвыканкама А.Крэпака, які публікуецца на сайце "Перспектывы".
Пасля таго, як на прыпынках сталі з'яўляцца "Табакеркі", "Перспектыва" прапанавала чыноўнікам даць роўныя правы ўсім бізнэсоўцам, як гэта гарантуе Канстытуцыя. Прадпрымальнікі хочуць таксама ўсталёваць на прыпынках шапікі для дробнарознічнага гандлю, а месцы для кіёскаў размяркоўваць на адкрытых аўкцыёнах.
У адказе чыноўнікаў паведамляецца нечаканая прычына, па якой дазволілі ствараць сетку шапікаў "Табакерка".
"Стварэнне сеткі па рэалізацыі тытунёвых вырабаў распаўсюджанае ў шэрагу краін, даследаванне вопыту якіх паказала, што адасобленыя гандлёвыя аб'екты спрыяюць зніжэнню спажывання тытунёвых вырабаў насельніцтвам", — адзначаюць у Мінгарвыканкаме.
Еўрарадыё праверыла, што пра гэта кажа Сусветная арганізацыя аховы здароўя. Паводле яе звестак, знізіць спажыванне тытуню дазваляюць графічныя перасцярогі на цыгарэтных пачках, забарона рэкламы тытуню, высокія падаткі і г.д. Стварэнне спецыялізаваных гандлёвых сетак па продажы тытунёвых вырабаў СААЗ у гэты пералік не ўключыў.
Іншыя прычыны ўсталявання шапікаў-"Табакерак" чыноўнікі тлумачаць так: "Рэалізацыя інвестыцыйнага праекта не скіраваная на выключную ўстаноўку спецыялізаваных гандлёвых аб'ектаў, а ўключае шэраг іншых важных падсістэм, якія дазваляюць змагацца з кантрафактнай прадукцыяй на ўнутраным рынку, забяспечваць гарантаваны збыт тытунёвых вырабаў дзяржаўнай тытунёвай фабрыкі і афіцыйных імпарцёраў, абмежаваць продаж тытунёвых вырабаў і іх даступнасць непаўналетнім".
А прадпрымальнікам у гарвыканкаме прапанавалі будаваць стацыянарныя крамы — для "фармавання сталічнага ўзроўню гарадскога асяроддзя і стварэння камфортных умоваў для абслуговага персаналу, прадаўцоў і спажыўцоў, а таксама выканання санітарных нормаў і правілаў".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.