Мінінфарм ануляваў "Газеце Слонімскай" пасведчанне аб дзяржрэгістрацыі
Мінінфарм ануляваў недзяржаўнай "Газеце Слонімскай" пасведчанне аб дзяржрэгістрацыі. Як паведамляе @bajby, чыноўнікі абгрунтоўваюць сваё рашэнне тым, што выпуск выдання ("ГС" і рэкламнай газеты "Отдушина") не здзяйсняўся на працягу шасці месяцаў запар. У рэдакцыі ж кажуць, што недзяржаўную газету адмовіліся друкаваць друкарні ў Гродне, Брэсце і Пінску. Яны спасылаліся "на высокую ступень загружанасці" і "шчыльны графік друку".
"Газета Слонімская" — рэгіянальнае выданне, якое было заснавана вясной 1997 года былым рэпарцёрам газеты "Свабода" Віктарам Валадашчуком. З таго часу яна выходзіла штотыднёва. У 2019-м Валадашчук памёр у 61 год пасля цяжкай хваробы. Друкаваная версія "ГС" (як і газеты "Отдушина") перастала выходзіць у лістападзе 2020 года. Здарылася гэта пасля ператрусаў і пагрозы крымінальнай справы. У чэрвені 2021-га стала вядома, што друкарні адмовіліся друкаваць недзяржаўныя газеты. Абнаўляўся толькі сайт. Сёлета Міністэрства інфармацыі абмежавала доступ да яго.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.