Мінінфармацыі не бачыць розніцы паміж журналістам-фрылансерам і пазаштатнікам
Падчас падрыхтоўкі зменаў у закон “Аб СМІ” мяркуецца зладзіць грамадскае абмеркаванне прапанаваных правак. У тым ліку Міністэрства інфармацыі хоча пачуць аргументы на карысць таго, каб статус журналіста-фрылансера быў заканадаўча замацаваны. Пра гэта міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч заявіў, адказваючы на пытанне Еўрарадыё.
Аляксандр Карлюкевіч: “На мой прыватны пункт гледжання і на мой пункт гледжання як чалавека, які будзе ўносіць ці праектаваць нейкія ініцыятывы пэўныя, пазаштатны карэспандэнт ― гэта і ёсць фрылансер. Магчыма, мы цяпер лішні час трацім на вызначэнне тэрмінаў, а нам трэба падумаць па сутнасці. Я лічу так: што фрылансер, што пазаштатны карэспандэнт ― усе павінныя пазіцыянаваць свае стасункі з пэўным медыйным рэсурсам. Мне здаецца, пытанне толькі ў гэтым. А чаму закон павінен пярэчыць самому значэнню фрылансера?”
Па словах міністра інфармацыі, цяпер рыхтуюцца змены ў закон “Аб СМІ”. Што канкрэтна плануецца змяніць, Карлюкевіч не ўдакладняе, але не выключае грамадскага абмеркавання прапанаваных зменаў і дапаўненняў у закон “Аб СМІ”. Да агучаных падчас гэтага абмеркавання прапаноў, да якога Міністэрства інфармацыі хоча далучыць і Беларускую асацыяцыю журналістаў, Мінінфарм і дзяржава абавязкова прыслухаюцца, абяцае Карлюкевіч.
Нагадаем, па інфармацыі Беларускай асацыяцыі журналістаў, у 2017 годзе журналісты-фрылансеры атрымалі 69 штрафаў за супрацоўніцтва з замежнымі СМІ без акрэдытацыі на суму 24 235 еўра.