Міністэрства аховы здароўя заклікае беларусаў не выязджаць за мяжу
Міністэрства аховы здароўя заклікае беларусаў часова не выязджаць за мяжу. З замежжа з каранавірусам прыязджаюць у асноўным грамадзяне нашай краіны. На 23 сакавіка ў Беларусі зафіксаваны 81 выпадак заражэння каранавіруснай інфекцыяй COVID-19.
Усіх, хто вернецца ў Беларусь з-за мяжы, папросяць падпісаць памятку аб двухтыднёвай самаізаляцыі. Падчас перасячэння мяжы людзі атрымаюць памяткі і паставяць подпісы: яны абавязуюцца на час самаізаляцыі абмежаваць кантакты, не хадзіць на працу і г. д.
"Сістэма аховы здароўя абавязана абследаваць і лячыць усіх грамадзян, — заяўляюць у Міністэрстве аховы здароўя. — Але важна яшчэ самому чалавеку мець адказнасць за прынятае рашэнне аб выездзе на адпачынак за мяжу".
Вядома, што каля 90% беларусаў, якія выязджаюць за мяжу, гэта кіроўцы грузавікоў. Аляксандра Лукашэнку на мінулым тыдні абурылі турысты, якія паехалі на адпачынак: "А цяпер яны ламаюць дзверы нашых пасольстваў, тэлефануюць у МЗС: забярыце нас".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.