Мінздароўя спрабуе прымусіць прыватных стаматолагаў знізіць цэны
У кабінеце стаматолага
У Міністэрстве аховы здароўя заявілі, што прынялі "кардынальнае рашэнне знізіць неабгрунтавана высокія тарыфы на стаматалагічныя паслугі". У ведамстве расказалі, што ўлетку падчас праверак Міністэрства аховы здароўя і Камітэта дзяржкантролю ў некаторых прыватных клініках былі выяўленыя "неабгрунтавана высокія тарыфы". Таму было прынятае рашэнне адрэгуляваць цэны не толькі на артапедычныя і зубатэхнічныя паслугі, але і на ўсе астатнія — на тэрапеўтычныя, хірургічныя і артадантычныя.
Ужо распрацаваны праект пастановы і інструкцыі з лімітавымі максімальнымі тарыфамі на гэтыя паслугі. Дакумент павінен запрацаваць да канца 2023 года. У Міністэрстве аховы здароўя кажуць, што пасля ўступлення ў сілу пастановы паслуга "выдаленне малочнага зуба" павінна патаннець на 33% (са 127 руб. да 85,60 руб.), "складанае выдаленне" — на 42% (з 479 руб. да 278 руб.), "лячэнне сярэдняга карыесу" — на 47% (з 163 руб. да 86,40 руб.).
Нагадаем, рашэнне ўвесці рэгуляванне тарыфаў на стаматалагічныя паслугі ў Міністэрстве аховы здароўя прынялі яшчэ ўлетку. Тады гэтае рашэнне патлумачылі жаданнем павысіць "цэнавую даступнасць платных стаматалагічных паслуг для насельніцтва".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.