У Мінздароўя расказалі, за кошт чаго хочуць знізіць цэны на паслугі стаматолагаў
З лістапада ў Беларусі будуць рэгулявацца цэны на ўсе стаматалагічныя паслугі / ілюстрацыйнае фота pixabay.com
Цэны на паслугу стаматолагаў плануюць знізіць за кошт зніжэння "працоўных і часавых выдаткаў" спецыялістаў. У залежнасці ад паслугі скараціць час на працу можна будзе на 10-30%, кажа галоўны пазаштатны стаматолаг Міністэрства аховы здароўя Сяргей Рубніковіч.
Нагадаем, з 1 лістапада ў Беларусі будуць рэгулявацца цэны на аказанне ўсіх відаў стаматалагічнай дапамогі, у тым ліку тэрапіі, хірургіі і артадантыі. Каб сфармаваць справядлівыя кошты, "але без зніжэння якасці дапамогі", больш за 50 экспэртаў, у тым ліку прадстаўнікі прыватнага бізнэсу, перагледзелі нормы часу і нормы выдаткаў, распавёў галоўны пазаштатны стаматолаг. У Мінздароўя, па яго словах, разумеюць, што ільвіную долю кошту займаюць расходныя матэрыялы. Але там лічаць, што "увядзенне рэгулявання "прымусіць" суб'екты гаспадарання камерцыйнага сектара разлічваць тарыфы без уліку кошту расходных матэрыялаў, а выкарыстанне для разлікаў нормаў часу і нормаў расходу матэрыялаў дазволіць выключыць неабгрунтаванае завышэнне выніковага кошту платных стаматалагічных паслуг".
Акрамя таго, адзначыў Рубніковіч, пераглядаецца і пералік паслуг. З'яўляюцца новыя, прыбіраюцца старыя. Новыя тэхналогіі і матэрыялы дазволяць "знізіць выдаткі і матэрыялаў, і часу на тыя ці іншыя паслугі".
Новыя правілы будзе тычыцца ўсіх клінік — і дзяржаўных, і прыватных, нагадалі ў Міністэрстве аховы здароўя.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.