Міністр Макей пракаментаваў прыезд Кіркорава на дзень нараджэння яго жонкі
Расійскі поп-спявак Філіп Кіркораў наведаў у Мінску дзень нараджэння беларускай актрысы Веры Паляковай. Акторка з'яўляецца яшчэ і жонкай міністра замежных спраў Уладзіміра Макея.
У інтэрнэце пачалося абмеркаванне, які ганарар атрымаў кароль расійскай эстрады за гэты візіт. Гэтыя каментары настолькі зачапілі міністра, што ён адказаў на іх праз афіцыйны акаўнт МЗС у Фэйсбуку.
"Я не звяртаў бы ўвагі на паведамленні, звязаныя з прыездам Філіпа Кіркорава ў Мінск, калі б гэта тычылася толькі мяне. Але гаворка ідзе пра маю сям'ю і пра цэбры выліванага бруду, да таго ж непісьменна і па-невуцку напісанага", — адзначае ў сваім допісе міністр.
Па словах Макея, ён сябруе з Кіркоравым з пачатку 2000-х гадоў. "Дзеці нашыя пазнаёміліся сёлета і знаходзяцца ў пастаяннай перапісцы. Жаданне пабываць на творчым вечары жонкі выказаў сам Філіп, за што я яму бясконца ўдзячны. Знаходжанне ў Мінску аплачваў сам Філіп. І калі вы думаеце, што ён усё вымярае грашыма, то вы глыбока памыляецеся. У адрозненне ад многіх творчых асоб, у каго на першым месцы меркантыльныя рэчы, для яго паняцці таварыства і шчырага сяброўства таксама многае значаць. Так, павінен прызнаць, што подкуп Філіпа з нашага боку быў. Ён і суправаджаючыя яго асобы не плацілі за квіткі на творчы вечар, а прыйшлі па запрашальніках. Гэта ажно 60 рублёў, або 30 даляраў. Больш за тое, мы павячэралі з ім, а назаўтра яшчэ і папілі кавы, калі каго гэта цікавіць. Больш за тое, ён яшчэ назаўтра ўвечары прыйшоў па запрашальніку на спектакль", — адзначыў чыноўнік.
Макей здзівіўся аматарам папляткарыць і "як мага больш балюча скубануць іншага". "Калі гэта сапраўды сёння дамінантная рыса ў нашым менталітэце, дык трэба прызнаць, што ўсе мы сур'ёзна хворыя", — канстатуе міністр.
Свой пост у Фэйсбуку ён падпісаў так: "З вялікай павагай і любоўю да ўсіх, Уладзімір Макей, міністр замежных спраў, сябра Філіпа Кіркорава".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.