Міністр не дапамог: на Ашмяншчыне разбіраюць стагадовыя драўляныя будынкі

Драўляны будынак, які зносяць пад Ашмянамі / Еўрарадыё​
Драўляны будынак, які зносяць пад Ашмянамі / Еўрарадыё​

Улады Ашмянскага раёна пачалі знос двух драўляных будынкаў у вёсцы Родзевічы. Дырэктар фонду "Краіна замкаў" Алесь Варыкіш знайшоў іх у суседніх вёсках і хацеў выратаваць ад разбурэння, перавёзшы ў свой будучы музей пад адкрытым небам. Але, здаецца, не атрымалася.

— На сённяшні дзень ужо ёсць рашэнне сельвыканкама аб зносе двух аб'ектаў, і адзін з іх ужо разбіраюць. Другім будуць разбіраць свіран пачатку XX стагоддзя, — расказвае Еўрарадыё Алесь.

Министр не помог: на Ошмянщине разбирают столетние деревянные здания
Рашэнне сельвыканкама / Еўрарадыё

Гэтыя будынкі Варыкіш выкупіў, акуратна разабраў і зноўку сабраў на шляхецкім хутары Ракіцкіх у Родзевічах. Там яны стаялі каля шасці гадоў, але ў 2021 годзе мясцовыя ўлады вырашылі іх знесці. У пошуках справядлівасці краязнаўца дайшоў да міністра культуры Анатоля Маркевіча, і той нібыта ўвайшоў у становішча, але... у сакавіку на даху драўляных будынкаў ужо сядзяць мясцовыя камунальнікі.

Разбіраць карпатліва сабраныя ім самім будынкі ў Алеся не паднялася рука. У выніку гэта робяць работнікі камунальных службаў. За гэта Алесю могуць выставіць рахунак — ад 10 да 20 тысяч рублёў.

— Рахунак яшчэ не выставілі. Я так разумею, што, калі будзе выкананы пэўны аб'ём работ, тады мне і рахунак выставяць, — расказвае дырэктар "Краіны замкаў".

Министр не помог: на Ошмянщине разбирают столетние деревянные здания
У Родзевічах на дахах старадаўніх збудаванняў сядзяць не гракі, а работнікі камунальных службаў / Еўрарадыё

А што з міністрам Маркевічам? Так і не дапамог захаваць міні-скансэн?

— Было накіравана абскарджанне рашэння Ашмянскага РВК у вобласць, заяўлена хадайніцтва на прыпыненне дзеяння распараджэння аб зносе аб'ектаў да прыняцця рашэння Гродзенскім аблвыканкамам. Але, відаць, старшыні Ашмянскага РВК Уладзіславу Гершгорыну пляваць і на меркаванне міністра, і на пазіцыю вобласці, шашку нагала — і ў бой. Дый ад міністра нічога не чуваць — відаць, нейкая маральная пазіцыя ў яго прысутнічала, але гэта ні на што не паўплывала.

Министр не помог: на Ошмянщине разбирают столетние деревянные здания

Алесь Варыкіш не разумее, чаму ўлады вырашылі знесці будынкі. Паводле яго слоў, артыкул 223 Грамадзянскага кодэкса прадугледжвае і іншыя формы вырашэння праблемы, такія як узаконьванне і штраф.

— Што самае дзікае ў гэтай сітуацыі — на сённяшні дзень у старадаўняга свірна няма падмурка, зруб стаіць на драўляных цурках, фактычна на зямлі. Гэта значыць, згодна з азначэннем артыкула 130 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь, гэта не аб'ект нерухомасці, не капітальны будынак, — мяркуе Алесь. — А ў рашэнні сельвыканкама гаворка ідзе якраз пра знос капітальных будынкаў. Але пры такой рашучасці мясцовай улады я ўжо нічому не здзіўлюся. Вельмі хочацца спадзявацца, што грамадскі розгалас дапаможа спыніць гэта дзікунства.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі