Міністр спорту — пра беларускі футбол: "бардак і балота"
27 студзеня ў Нацыянальным алімпійскім камітэце прайшло сумеснае пасяджэнне калегіі Мінспорту і Беларускай федэрацыі футбола. Як піша sb.by, на ім абмяркоўвалася будучыня айчыннага футбола, яго жыццё ў новых умовах. "Каранавірусны" сезон правалілі і клубы ў еўракубках, і зборная. Не дзіўна, што футбол выключылі з ліку прыярытэтных у нашай краіне відаў спорту, дзяржпадтрымка змяншаецца на 70%. Пры гэтым футбол у Беларусі — самы масавы від спорту, ім займаецца 23 тысячы чалавек.
"Узровень, на які скаціўся наш футбол — бардак і балота", — заявіў міністр спорту і турызму Сяргей Кавальчук. Ён сказаў, што "трэба пацярпець і перазагрузіцца", больш займацца дзіцячым футболам, дэталёва распрацаваць канцэпцыю развіцця і план выхаду з крызісу.
Тым часам Беларуская федэрацыя футбола можа патрапіць і пад санкцыі, калі будзе даказаны пераслед футбалістаў за выказванне імі іх грамадзянскай пазіцыі. Вядомая гісторыя гульца ЦСКА Іллі Шкурына, які адмовіўся выступаць за нацыянальную зборную Беларусі да таго часу, пакуль нашай краінай кіруе Аляксандр Лукашэнка, падпісаў ліст спартсменаў за новыя выбары і супраць гвалту сілавікоў. Беларуская федэрацыя футбола паскардзілася на Шкурына ў FIFA, спадзявалася, што на яго накладуць санкцыі. Але дысцыплінарны камітэт FIFA стаў на бок форварда.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.