Міністр спорту РБ усумніўся ў магчымасці Парыжа бяспечна правесці Алімпіяду

Палкоўнік Сяргей Кавальчук

Палкоўнік Сяргей Кавальчук / sb.by

Міністр спорту Беларусі Сяргей Кавальчук усумніўся ў магчымасці Парыжа бяспечна правесці Алімпіяду летам 2024-га. Ён вырашыў парадаваць сваімі заявамі ўдзельнікаў форума "Расія — спартыўная дзяржава", які праходзіць у Пярмі.

"Мы з занепакоенасцю глядзім на пытанне гарантавання бяспекі на Алімпійскіх гульнях 2024 года, — цытуе словы Кавальчука ТАСС. — Мы турбуемся за бяспеку спартсменаў, якія возьмуць удзел там нават пад нейтральным сцягам, заўзятараў. Ці здольная Францыя правесці гэтае мерапрыемства? Вялікае пытанне".

Таксама міністр абрынуўся на "калектыўны Захад", які спрабуе "дыктаваць свае ўмовы ў міжнародных арганізацыях" і "навязваць прынцыпы, якія супярэчаць асноватворным каштоўнасцям".

Як вядома, беларускія і расійскія спартсмены дакладна не будуць прадстаўлены на Алімпіядзе ў камандных відах спорту. Ці трапяць на яе асобныя спартсмены ў якасці нейтральных атлетаў, яшчэ вялікае пытанне.

Сяргей Кавальчук — палкоўнік, служыў у Службе бяспекі Аляксандра Лукашэнкі. Вясной 2018-га быў прызначаны міністрам спорту. У апошнія гады беларускі спорт знаходзіцца пад санкцыямі, а Кавальчук стварае "чорныя спісы" спартсменаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі