Мінскі паўмарафон: разыначка нашай трасы — увасабленне Леніна з бальшавікамі
Пачалася рэгістрацыя ўдзельнікаў штогадовага Мінскага паўмарафона. Старт забегу прызначаны на 13 верасня, але зарэгістравацца можна ўжо сёння.
"У мінулым годзе ў нас прымалі ўдзел 68 краін. Былі ўдзельнікі з Канады, ЗША, Кітая, Японіі. Людзі да нас прыязджалі, каб паўдзельнічаць і прабегчы мінскую трасу", — распавяла тэлеканалу СТБ каардынатарка Мінскага паўмарафона Вераніка Грэсь, генеральны сакратар ГА "Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі".
Намесніца старшыні — выканаўчы дырэктар ГА "Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі" Марыя Каласоўская растлумачыла, у чым "разынка" мінскай трасы:
"Мінскі паўмарафон — гэта не толькі бег, мы арганізуем ўздоўж усёй трасы тэматычныя пляцоўкі. Калі гэта оперны тэатр, то гэта жывыя музычныя інструменты, на плошчы Незалежнасці — фальклор. Разыначка нашай трасы — сапраўднае ўвасабленне У.І. Леніна разам з бальшавікамі каля доміка РСДРП".
Па яе словах, сёлета ў Мінскім паўмарафоне паўдзельнічае каманда "Dream Team", якую складуць вядомыя асобы. "З намі бягуць і прадстаўнікі амбасады ЗША, і "Міс Беларусь", "Міс Еўропа" — Марыя Васілевіч, і алімпійскія чэмпіёны, якія знаходзяць час у сваім шчыльным графіку і сваім прыкладам паказваюць, што бег — гэта выдатна", — распавяла Каласоўская.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.