Мінскія ўлады часова прыпынілі рэгістрацыю ІП
З 17 жніўня ў Мінску прыпыненая рэгістрацыя ІП / БЕЛТА
З 17 жніўня ў Мінску немагчыма зарэгістраваць ІП. Пра часовае прыпыненне рэгістрацыі індывідуальных прадпрымальнікаў гаворыцца ў паведамленні ўпраўлення рэгістрацыі і ліцэнзавання галоўнага ўпраўлення юстыцыі Мінгарвыканкама.
З чым звязаны гэты крок, ва ўпраўленні не ўдакладняюць. Цікава, што зарэгістравацца альбо ўнесці змены ў пасведчанне немагчыма і праз партал адзінага дзяржаўнага рэгістра.
Раней падобныя праблемы ўзнікалі ў міліцэйскіх падраздзяленнях, у нейкі момант у пачатку ліпеня перасталі працаваць інфармацыйныя сэрвісы МУС. Было немагчыма ні замовіць даведку, ні зняць машыну з уліку. У МУС тады заявілі, што прычынай паломкі стала "анамальная спёка".
Тым часам у канцы ліпеня кіберпартызаны заяўлялі пра ўзлом аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы "Пашпарт" і базы Галоўнага ўпраўлення кадраў МУС (ГУК МУС РБ).
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.