Пасля атакі "Кіберпартызанаў" на "Гродна Азоце" забараняюць смартфоны
Кнопачны тэлефон, ілюстрацыйнае фота
На "Гродна Азоце" і яго "даччыных" прадпрыемствах супрацоўнікам неўзабаве забароняць карыстацца смартфонамі і выходзіць у інтэрнэт. Адпаведны дакумент падпісаў гендырэктар Ігар Ляшэнка, паведамляе "Зеркало".
Ён загадаў выдаць усім супрацоўнікам кнопкавыя тэлефоны і карпаратыўныя сім-карты МТС — на тэрыторыю прадпрыемства можна будзе праходзіць толькі з імі. Праход на тэрыторыю прадпрыемства з смартфонамі, якія маюць выхад у інтэрнэт, будзе забаронены з 1 ліпеня. У працоўны час работнікі змогуць карыстацца тэлефонамі, па якіх можна толькі тэлефанаваць, перадаваць SMS і MMS.
Загад быў выдадзены 26 красавіка. А яго тэкст склалі паводле пратакола "пашыранай вытворчай нарады", якая адбылася 17 красавіка — менавіта ў той дзень "Кібер-партызаны" паведамілі пра маштабную атаку на прадпрыемства.
У загадзе гаворыцца, што калі супрацоўнікам трэба выйсці ў інтэрнэт па "вытворчай неабходнасці", спіс прозвішчаў трэба падаць у дакладной запісцы на імя начальніка службы бяспекі. Прычым папярэдне яго неабходна ўзгадніць з намеснікам гендырэктара падраздзялення, да якога гэтыя работнікі адносяцца.
Карпаратыўныя сім-карты падключаныя да аператара МТС, на тарыф "Разумны бізнес 1.0". Прадпрыемства атрымала па ім вялікую зніжку — 70% ад дзеючага тарыфу. І хаця гэты тарыфны план прадугледжвае 250 Мб інтэрнэт-трафіку, для гроднаазотаўцаў ён будзе заблакаваны.
Пры гэтым абсалютна ўсім супрацоўнікам дазваляюць ўставіць у тэлефон другую, сваю сім-карту — калі ёсць такая магчымасць.
Усе патрабаванні датычаць як уласна "Гродна Азота", так і яго філіяла "Завод Хімвалакно", а таксама ўнітарных прадпрыемстваў "АзотСпецТранс", "АзотСэрвіс", "АзотХімФортыс", "Азот Рэм Буд".
Асабістымі смартфонамі дазволяць карыстацца толькі намеснікам гендырэктара "Гродна Азота" і "Завода Хімвалакно", кіраўнікам структурных падраздзяленняў ды іх намеснікаў. У спісе дазхволаў не пазначаны гендырэктар, але, верагодна, ён пад забарону таксама не трапіць.
У даведачным бюро "Гродна Азота" журналісты змаглі ўдакладніць, што да 1 чэрвеня супрацоўнікам дазваляюць хадзіць на працу з сваім смартфонамі. Потым іх трэба будзе пакідаць у ячэйках на прахадной. Кожная ячэйка будзе разлічаная прыкладна на чатыры чалавекі. Ячэйкі знаходзяцца пад відэаназіраннем і будуць зачыняцца на ключ.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.