Германія абвінаваціла хакераў ГРУ ў кібератацы
Аналена Бербак выступіла з заявай падчас візіту ў Аўстралію
Германія абвінаваціла хакераў ГРУ Расіі ў кібератацы на паштовыя скрыні членаў кіруючай партыі. Міністр замежных спраў Аналена Бербак абвясціла, што, паводле звестак нямецкай выведкі, кібератаку на паштовыя скрыні кіраўніцтва сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі правялі хакеры расійскай вайсковай выведкі.
"Сёння мы можам адназначна звязаць гэтую леташнюю кібератаку з групоўкай APT28, якой кіруе расійская вайсковая выведка, — цытуе словы Бербак "Бі-Бі-Сі". — Іншымі словамі, гэта была арганізаваная дзяржавай атака на Германію ў кіберпрасторы, гэта цалкам непрымальна і не застанецца без наступстваў".
Хакерская група APT28 больш вядомая пад назвай Fancy Beat.
Паштовыя акаўнты членаў кіраўніцтва партыі канцлера Олафа Шольца былі атакаваныя ў студзені мінулага года, але толькі цяпер Берлін выразна заявіў, каго лічыць вінаватым.
Сёння ж у сувязі з кібератакай у МЗС Германіі выклікалі выконваючага абавязкі паверанага ў справах амбасады РФ у Берліне.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.