Мінздароўя: "Аналіз на каранавірус — толькі па паказаннях і накіраванні доктара"

Інфекцыйная бальніца, Мінск / Reuters
Інфекцыйная бальніца, Мінск / Reuters

У краіне выяўлены выпадкі захворвання на новы каранавірус, у мяне паднялася тэмпература і забалела горла — што рабіць? Ці магу я з'ездзіць у бальніцу і здаць аналіз на страшны COVID-19?

На пытанні пра лабараторныя абследаванні на каранавірус адказвае Мінздароўя.

Праверыцца на каранавірус можа любы чалавек?

Не. Аналіз бяруць толькі ў "пэўнага кантынгенту пацыентаў". Гаворка пра тых, хто прыбыў з эпідэмічна небяспечных па каранавіруснай інфекцыі краін. На сёння гэта — Кітай, Іран, Італія і Паўднёвая Карэя. Тым, хто прыбыў з гэтых дзяржаў, пры праходжанні памежнага кантролю таксама прапануюць запоўніць спецыяльную "анкету прыбылага", па яе звестках медыкі змогуць арганізаваць назіранне за чалавекам.

Будуць правяраць і тых, хто меў цесны кантакт з пацыентам з пацверджаным дыягназам. "Кантакты 1-га ўзроўню", як іх называе Мінздароўя, ізалююцца і абследуюцца на вірус.

"Кантакты 2-га ўзроўню" — тыя, хто меў не працяглы і не блізкі кантакт з заражанымі, — будуць знаходзіцца пад медыцынскім наглядам, але аналіз, як лічаць у Мінздароўя, браць у іх немэтазгодна.

А калі я дрэнна сябе адчуваю, але наконт кантактавання з заражанымі не ўпэўнены?

Здаць аналіз можна, але толькі калі на гэта абследаванне вас накіруе доктар.

"З улікам наяўнага эпідэміялагічнага становішча ўсе астатнія грамадзяне праходзяць лабараторныя абследаванні на каранавірусную інфекцыю COVID-19 толькі пры наяўнасці паказанняў і па накіраванні доктара", — тлумачаць у ведамстве.

Дзе бяруць мазок на каранавірус?

Здаць аналіз можна пры перасячэнні дзяржаўнай мяжы Беларусі — на базе санітарна-каранцінных пунктаў. Акрамя таго, ёсць магчымасць праверыцца на каранавірус у інфекцыйных бальніцах і інфекцыйных аддзяленнях бальніц, а таксама ў асобных паліклініках. Адрасы і тэлефоны –– тут.
 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі