Мінздароўя здымае студэнтаў з заняткаў і адпраўляе працаваць у паліклінікі

Мінздароўя здымае студэнтаў з заняткаў і адпраўляе працаваць у паліклінікі

Мінздароўя на месяц здымае з заняткаў студэнтаў шостага курса Медуніверсітэта "ў сувязі з пад'ёмам захворвання насельніцтва". 371 студэнт лячэбнага факультэта уключна з платнікамі замест вучобы разыходзіцца па мінскіх паліклініках, каб дапамагаць участковым тэрапеўтам.

“У адпаведнасці з размеркаваннем па паліклініках, студэнты 11.02.2019 года павінны прыбыць у адпаведную ўстанову аховы здароўя. Пры сабе мець даведку аб стане здароўя, атрыманую пры праходжанні медагляду на практыку, — сказана ў абвестцы для студэнтаў БДМУ. — У адпаведнасці з загадам па ўніверсітэце, кантроль працы студэнтаў ускладаецца на выкладчыка вучэбнай групы кафедры, з заняткаў якой былі знятыя студэнты. Колькасць студэнтаў у паліклініцы вызначалася ў адпаведнасці з патрэбамі, прадстаўленымі Камітэтам па ахове здароўя Мінгарвыканкама”.

Афіцыйна ведамства не прызнае эпідэмію. Яго прэс-служба паведамляе, што сёлета "сезоннае захворванне на вострыя рэспіраторныя інфекцыі характарызуецца сярэдняй інтэнсіўнасцю". Але ў дакуменце, якім студэнтаў размяркоўваюць па паліклініках, ужытае слова "эпідэмія".

Мінздароўя здымае студэнтаў з заняткаў і адпраўляе працаваць у паліклінікі

У мінскай паліклініцы №1 Еўрарадыё пацвердзілі, што ўтгорадзе павышаны ўзровень захворвання на вострыя вірусныя інфекцыі:

“Ёсць распараджэнне Мінаховы здароў’я: на працягу лютага ў перыяд павышанага захворвання на рэспіраторныя інфекцыі ў Мінску дактары-інтэрны адклікаюцца са сваіх баз праходжання інтэрнатуры ў распараджэнне паліклінікі. На дадзены момант у нас ужо працуюць два дактары-інтэрны агульнай практыкі”, — адказалі ў аддзеле кадраў паліклінікі.

Мінздароўя карыстаецца дапамогай студэнтаў БДМУ амаль кожны год. "Я чула, на шостым курсе нас могуць зняць з вучобы, калі на грып хварэе шмат людзей. Каб хадзіць на візіты і дапамагаць тэрапеўтам ў вялікай нагрузцы", — распавядае Еўрарадыё адна са студэнтак шостага курса.

Загада Міністэрства аховы здароўя ад 04.02.2019 №120, якім студэнты БДМУ здымаюцца з заняткаў, у адкрытым доступе няма.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі