Місія МАГАТЭ станоўча ацаніла бяспеку Беларускай АЭС
Місія МАГАТЭ станоўча ацаніла бяспеку Беларускай АЭС. Пра гэта яе кіраўнікі заявілі 14 кастрычніка на брыфінгу ў Мінску.
Як інфармуе БелаПАН, місія МАГАТЭ вывучала сітуацыю на працягу 12 дзён. Яе кіраўнік, генеральны дырэктар Фінскага агенцтва па ядзернай бяспецы Петэры Цііпана адзначыў, што былі выяўлены станоўчыя сістэмы дзейнасці, якія могуць быць прыкладамі для іншых краін. Гэта найперш "моцныя і эфектыўныя механізмы каардынацыі дзейнасці". Быў зроблены шэраг прапаноў і рэкамендацый у тых галінах, якія "ўсё яшчэ патрабуюць паляпшэння".
У складзе місіі працавалі 16 экспертаў з некалькіх краін. Галоўная мэта — ацаніць падыходы Беларусі ў галіне ядзернай энергіі і іх адпаведнасць нормам бяспекі МАГАТЭ. Эксперты прыбылі на запрашэнні беларускага боку, адзначае тэлеканал "Беларусь 1".