Мітрапаліт Кандрусевіч: нечаканы знос крыжоў выклікае, мякка кажучы, здзіўленне
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, мітрапаліта Мінска-Магілёўскі, выступіў у абарону Курапатаў.
Свой зварот ён напісаў у Беластоку, дзе праходзіць курс рэабілітацыі пасля складанай аперацыі па стабілізацыі пазванокоў металаканструкцыямі.
4 красавіка ў Курапатах улады знеслі не менш за 70 крыжоў па перыметры ўрочышча. Паводле звестак міліцыі, затрыманыя 15 чалавек. Ва ўрочышчы знаходзіцца месца масавых расстрэлаў сталінскіх часоў.
"Праблема Курапатаў цягнецца ўжо даўно і мае глыбокія карані, але яе неабходна як мага хутчэй вырашыць. Пасля таго, як напрыканцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя шырокай грамадскасці стала вядома пра месца злачынства, неабходна было правесці адпаведныя і грунтоўныя даследаванні, як гэта зроблена ў іншых падобных месцах масавых пахаванняў, каб мець упэўненасць у тым, што тут адбылося. /.../ На жаль, своечасова гэта не было зроблена, і ў выніку пачалі ўзнікаць праблемы", — піша Кандрусевіч.
Ён нагадаў, што людзі некалькі дзесяцігоддзяў прыходзілі ў Курапаты, каб памаліцца і ўшанаваць памяць загінулых. Таксама яны пазначалі гэтае месца памятнымі знакамі.
"Такім чынам ва ўрочышчы з’явіліся крыжы, як гэта спрадвеку прынята рабіць на могілках і ў месцах пахаванняў. Крыжы ставілі без афіцыйнага дазволу, але ўлада не забараняла гэтага рабіць. За апошнія 30 гадоў паступова з’явіўся своеасваблівы "Курапацкі пантэон" — стыхійны мемарыял, вядомы ва ўсім свеце. Таму нечаканы знос крыжоў выклікае, мякка кажучы, здзіўленне", — апісвае сітуацыю каталіцкі арцыбіскуп.
Ён згаджаецца, што тэрыторыю Курапатаў трэба ўпарадкаваць, "але не коштам абразы пачуццяў вернікаў". Кандрусевіч парпаноўвае арганізаваць грамадскае абмеркаванне плану ўпарадкавання тэрыторыі Курапатаў з удзелам прадстаўнікоў розных веравызнанняў.
"Заклікаю адказных за знос крыжоў тэрмінова спыніць гэтыя дзеянні і шляхам дыялогу розных палітычных і грамадскіх сіл з удзелам прадстаўнікоў розных веравызнанняў распачаць працэс урэгулявання сітуацыі", — звяртаецца кіраўнік беларускіх католікаў да ўладаў.