Мона-мітынг у падтрымку Алеся Бяляцкага запланаваны на 4 жніўня
19 ліпеня праваабаронца Уладзімір Вялічкін падаў адпаведную заяву ў Брэсцкі гарвыканкам.
Як паведаміў Еўрарадыё заяўнік, гэта не першая спроба зладзіць акцыю салідарнасці з Алесем Бяляцкім як у Брэсце, так і ў вобласці, аднак усе яны былі забароненыя мясцовымі ўладамі. Амаль ва ўсіх ранейшых заявах чыноўнікі знаходзілі парушэнні ў дамовах на абслугоўванне тэрыторыі дзяржаўнымі службамі.
Гэтым разам дамовы з камунальнікамі, міліцыянтамі і медыкамі праваабаронца не заключаў адмыслова. Са словаў Уладзіміра Вялічкіна, для фармату мерапрыемства іх паслугі адзінаму патэнцыйнаму ўдзельніку не патрэбныя.
Вялічкін: "Менавіта спецыяльна робіцца адзіночны пікет, бо патрабаванні, якія вызначаныя законам, для аднаго чалавека я лічу празмернымі. Не трэба мне самасвалу на смецце, не трэба кіпы міліцыянтаў і не трэба "хуткай дапамогі" — калі што мінакі самі выклічуць".
Мона-мітынг запланаваны на 4 жніўня — другую гадавіну арышту кіраўніка Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алеся Бяляцкага. Калі брэсцкі праваабаронца атрымае дазвол на акцыю, яна пройдзе ў парку воінаў-інтэрнацыяналістаў.