Мор галубоў у Маладзечне, хутчэй за ўсё, выкліканы атручэннем

Маладзечанскі парк, дзе гінуць галубы

Маладзечанскі парк, дзе гінуць галубы / kraj.by

Мор галубоў у маладзечанскім парку Перамогі хутчэй за ўсё тлумачыцца наўмысным атручэннем, піша kraj.by. Іншыя версіі пацвярджэння не знайшлі.

Як распавядала Еўрарадыё, на пачатку верасня маладзечанцы сталі заўважаць у парку мёртвых галубоў. Знаходкі трапляліся ім цягам некалькіх тыдняў. Пад канец верасня Маладзечанская раённая ветстанцыя адправіла матэрыял ад мёртвых птушак на экспертызу ў Мінск.

2 кастрычніка галоўны ветэрынарны лекар Маладзечанскага раёна Вераніка Сушко паведаміла Kraj.by вынікі экспертызы: "Выяўлена, што ніякай інфекцыі ў птушак не было. Гэта значыць, што галубоў, хутчэй за ўсё, хтосьці труціў. Іншай магчымай прычыны іх гібелі я не бачу".

Таксама яна абвяргае версію, што галубы гінулі ад нападу варон: прыкметаў такой прычыны смерці на птушках не выяўлена.

Ветлекар падкрэслівае, што атручэнне афіцыйна не пацверджанае: па ім трэба праводзіць асобную экспертызу. Яе кошт будзе каля 200 рублёў.

Дарэчы, за апошнія дні ў парку бачылі хіба толькі аднаго мёртвага голуба. На ветстанцыі мяркуюць, што атручальнік мог спыніць сваю справу, спалохаўшыся вялікага рэзанансу. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі