МУС пракаментавала звароты беларусаў з нагоды затрыманняў
АМАП / Еўрарадыё
Міністэрства ўнутраных спраў адказала на звароты беларусаў з нагоды затрыманняў удзельнікаў масавых мерапрыемстваў падчас выбарчай кампаніі.
Удзельнікі пікетаў і масавых мерапрыемстваў "абавязаныя няўхільна выконваць парадак іх арганізацыі і правядзення, устаноўленыя забароны і абмежаванні", нагадвае МУС. Праваахоўнікі, зыходзячы з адказу міністэрства, загадзя інфармуюць грамадзян аб недапушчальнасці парушэнняў і магчымасці прымянення фізічнай сілы.
"Асобы, якія працягваюць парушаць гэты парадак, падлягаюць прыцягненню да адказнасці, прадугледжанай заканадаўствам. Няведанне нарматыўных прававых актаў і/або іх асобных прадпісанняў не вызваляе ад адказнасці і прымянення мер прымусу", — гаворыцца ў афіцыйным адказе.
МУС кажа, што супрацоўнікі праваахоўных органаў маюць права ўжываць фізічную сілу, а таксама спецыяльныя сродкі. Што ж да работнікаў міліцыі ў "цывільным" — гэта таксама не забаронена, калі так вырашыць кіраўнік. Хоць, "нясенне службы па ахове грамадскага парадку, як правіла, арганізаванае ва ўстаноўленай форме адзення".
Пры звароце да грамадзяніна супрацоўнік органаў унутраных спраў павінен прадставіцца, паведаміць свае званне і прозвішча, запэўнівае МУС. Але і тут ёсць выключэнні з правілаў: патрабаванні не распаўсюджваюцца на "выпадкі ўзніклай неабходнасці неадкладнага спынення правапарушэнняў, затрымання асоб, якія іх здзейснілі, а таксама спрабуюць схавацца".
Грамадзяне могуць абскардзіць дзеянні або бяздзейнасць супрацоўнікаў міліцыі ў вышэйшым дзяржаўным органе або вышэйшай службовай асобы, пракурора або ў судзе, дадаюць у МУС.
Праваабаронцы "Вясны" падлічылі колькасць людзей, затрыманых на акцыях "Ланцуг салідарнасці" (а таксама перад самімі акцыямі і пасля), якія праходзілі ва ўсёй краіне з 18 да 21 чэрвеня. Усяго было затрымана больш за 360 чалавек, прычым больш за 260 з іх — у Мінску.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.