МУС затрымала за хабар топ-менеджараў "Беларуськалію"
Міліцыянты з Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС затрымалі ў Мінску прадстаўнікоў кіраўніцтва ААТ "Беларуськалій". Іх падазраюць у атрыманні хабару ў буйным памеры.
Паводле прэс-службы МУС, у хабарніцтве падазраюцца начальнік аддзела кіравання інвестыцыямі і суправаджэння будаўніцтва, а таксама намеснік генеральнага дырэктара па будаўніцтве. Прычым намесніка гендырэктара затрымалі з доказамі пры атрыманні 10 тысяч долараў ад кіраўніка адной з камерцыйных структураў. За гэтыя грошы менеджар мусіў вырашыць пытанні, якія ўваходзяць у яго кампетэнцыю.
На менеджараў "Беларуськалію" пачалі крымінальныя справы за атрыманне хабару ў буйным памеры. На хабарадавальніка таксама пачалі крымінальную справу. Усе яны ўзятыя пад варту.