Музыкі H.A. Quartet: “Гэты праект — перш за ўсё выклік самім сабе”

Аўтар пректа, Аганэс Аванесян меў рацыю, калі некалі, прадстаўляючы праект, сказаў, што яго будзе цікава перш за ўсё глядзець — дзейства, што разварочваецца на пляцоўцы "Лофт-кафэ", сапраўды заварожвае. Апроч Аганэса ў квартэце бяруць удзел музыкі яшчэ аднаго праекта Аванесяна “Morfe'”Уладзімір Бегер і Аляксандр Яфімаў, а таксама джазмэн Канстанцін Гарачы.

 

Родныя і сябры, калегі-музыканты ўзрушана абмяркоўваюць “што ж там такога яны зноў насачынялі”, таму для H.A. Quartet прэзентацыя ператвараецца і ў свайго роду экзамен. Сярод агульных выдатных водгукаў нечакана чуем смелую прапанову дадаць у квартэт .....вакалістку!


“О, нават не ведаю! — смяецца Аганэс. — Мабыць, складана будзе знайсці вакалістку, якая б адпавядала гэтай музыцы. Не ведаю, якой яна мусіць быць, але дакладна — вельмі крутой! Пакуль усё ж застанемся квартэтам!”

Аганэс распавядае, што пакуль H.A. Quartet няпроста знайсці свайго гледача, па словах музыкі, складаныя музычныя памеры часам “палохаюць” непадрыхтаванае вуха. Квартэт надае вялікую ўвагу рытміцы, што не дзіўна — усё ж квартэт гэта праект перкусіяніста! Таму частка канцэпцыі і ў тым, каб не толькі гарманічна і меладычна, але і рытмічна разнастаіць кампазіцыі.


“Фантазіруючы” элемент — Косця Гарачы ў праекце відавочна адчувае сябе, як рыба ў вадзе. Музыка выступае сааўтарам некаторых кампазіцый. “Гэта і непазбежна, — тлумачыць Косця. — Бо мая функцыя ў гэтым складзе — шукаць і знаходзіць новыя фарбы, камбінаваць з тым, што ўжо зроблена, з рытмічнай арганізацыяй, формай, драматургіяй”.

Здавалася б, Канстанціну ёсць, дзе разгарнуцца — удзел ў “Apple Tea”, “Tanin Jazz” ды ўласным трыа пакідае вялікае поле для імправізацыі. Але ў гэтых праектаў іншая філасофія, кажа Косця. Ды і класічнае фартэпіяннае трыа, створанае музыкам, не прадугледжвае такога кшталту эксперыментаў.


“Гэты праект — гэта перш за ўсё выклік самім сабе, — разважае Гарачы. — Такога плана музыку я ніколі не граў, але было заўжды цікава, як можна камбінаваць складаныя памеры з сучаснай гармоніяй, улічваючы сучасныя павевы ў манеры выканання. Спалучэнне гэтых даволі складаных элементаў і прывабіла. У праекце Аганэса ёсць і пасыл да новай электроннай музыкі, эксперыменты з ёй, якія цяпер вельмі актуальныя”.


Спявачка Таццяна Гарошка, якая ўважліва назірае за стварэннем H.A. Quartet, застаецца вельмі ўражанай праектам.


“Я атрымала асалоду! Я ўвогуле вельмі рэдка атрымліваю асалоду ад музыкі, бо гэта мая праца, і, па сутнасці, музыку вельмі цяжка ўспрымаць, як слухачу. Але як ні дзіўна, я атрымала асалоду сёння — стоадсодкавую! І хацелася нават, каб канцэрт доўжыўся больш. Музыканты прадумалі нейкія месцы, фішачкі, запоўнілі ўсё нейкімі ідэямі і гэта цікава слухаецца — супер, мне падабаецца!"


У перспектыве квартэт плануе запісаць альбом, але пакуль вызначаецца са студыяй ды шукае спонсараў.


“Усё ўпіраецца ў тэхнічныя магчымасці нашых студый. І я разумею, што зрабіць гэта ў Беларусі практычна немагчыма. А рабіць запіс “для галачкі” не хацелася б. Тым не менш плануем не зацягваць з рэлізам — думаем, што нешта запішам нават ужо пасля нашых украінскіх гастроляў”, — кажа Аганэс.


Музыка называе мінскую прэзентацыю генеральнай рэпетыцыяй перад будучым турам квартэта па Украіне, што адбудзецца з 5 па 9 снежня. У межах міжнароднага джазавага фестывалю Jazz Bez квартэт выступіць у Луцку, Цярнопалі і Львове. Аганэс Аванесян дадае, што музыкі разлічваюць на цікавасць да праекта і ў Заходняй Еўропе.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі