Музыку Ігара Банцара асудзілі за перформанс на паўтара года "хіміі"
Лідара гурта Mister X Ігара Банцара за перформанс асудзілі на паўтара года "хіміі". Такі прысуд быў абвешчаны 19 сакавіка ў судзе Ленінскага раёна Гродна, паведамляе праваабарончы сайт "Вясна".
Банцара вінавацілі ў хуліганстве (ч. 1 арт. 339 Крымінальнага кодэкса). У ноч з 4 на 5 верасня 2020-га ён станчыў перад міліцэйскім аўтамабілем спярша ў ружовых шортах, а потоым — у стрынгах.
Праваабаронцы прызналі музыку палітычным зняволеным.
20 кастрычніка Банцара ўзялі пад варту. На пачатку суда, 3 сакавіка, палітвязень абвясціў сухую галадоўку, якую трымаў да апошняга.
Суддзя Наталля Козел прысудзіла яму паўтара года абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хімія"). Сёння ж Банцара вызваляць з-пад варты пад падкпіску аб нявыездзе — на час апеляцыі.
Пяць месяцаў знаходжання пад вартай яму залічаць у тэрмін пакарання як дзень за два.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.