Мы не павінны аслабіць прэзідэнцкую ўладу — прэм'ер пра змены Канстытуцыі
Прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка / з архіва БЕЛТА
Аслабляць прэзідэнцкую ўладу падчас магчымай канстытуцыйнай рэформы ў Беларусі нельга, заявіў прэм'ер-міністр краіны Раман Галоўчанка.
Напярэдадні журналісты дзяржаўных СМІ распыталі яго аб Усебеларускім народным сходзе і пытаннях, якія там будуць абмяркоўвацца. Спыталі і аб зменах у Канстытуцыю.
"Няма настрою на тое, што трэба нешта зламаць. Мы пражылі, умоўна кажучы, з Канстытуцыяй 20 гадоў — і ўсё, яна састарэла. Такога няма", — сказаў Галоўчанка ў эфіры тэлеканала СТБ.
Паводле яго слоў, дэлегаты прапануюць толькі ўзмацніць паўнамоцтвы мясцовых органаў улады, паколькі "большасць з іх прадстаўляюць мясцовыя Саветы", і "хочуць больш паўнамоцтваў".
Ёсць прапановы аб павышэнні ролі парламента і карэкціроўцы выбарчага заканадаўства, але "агульная лінія зводзіцца да таго, што пры ўсіх гэтых навацыях мы не павінны аслабіць прэзідэнцкую ўладу, якая сцэментавала краіну і дазволіла выстаяць перад гэтым "шалёным націскам", які мы ўсе нядаўна выпрабавалі", — заявіў Раман Галоўчанка.
Размовы аб магчымай змене Канстытуцыі актывізаваліся пасля прэзідэнцкіх выбараў. Пратэсты, іх жорсткае падаўленне, непрызнанне вялікай колькасцю краін вынікаў гэтых выбараў прывялі да сур'ёзнага крызісу. Расія падтрымала Аляксандра Лукашэнкі, але пры гэтым і сам расійскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін, і прадстаўнікі Крамля неаднаразова казалі аб канстытуцыйнай рэформе як магчымым выхадзе з крызісу. У снежні аб ёй у чарговы раз нагадаў расійскі пасол Дзмітрый Мезенцаў.
Лукашэнка яшчэ ў лістападзе заяўляў, што 70-80% паўнамоцтваў кіраўніка дзяржавы могуць быць перададзены парламенту і ўраду. "Народ, грамадства хочуць пераменаў, і яны замкнуліся на прэзідэнце і яго паўнамоцтвах. Як выйсце з гэтага — змены ў Канстытуцыю", — казаў ён.
Не выключана, што пытанне магчымых змяненняў Асноўнага закона можа быць абмеркавана і на Усебеларускім народным сходзе, які пройдзе ў Мінску 11-12 лютага.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.