МЗС: Амбасада ў Егіпеце высвятляе, ці не было на борце А-321 беларусаў
Амбасада Беларусі ў Егіпце высвятляе, ці не было беларускіх грамадзян на борце расійскага самалёта, які разбіўся сёння раніцай над Сінайскай паўвыспай. Як удакладняюць у Твітэры Міністэрства замежных справаў, праца вядзецца ў кантакце з егіпецкімі ўладамі і расійскай амбасадай у гэтай краіне.
Пасажырскі самалёт А-321 расійскай авіякампаніі “Кагалымавія” вылецеў сёння раніцай з Шарм-эль-Шэйха ў Санкт-Пецярбург. Праз 23 хвіліны пасля ўзлёту з ім згубілася сувязь і адзнака паветранага судна знікла з радыёлакатараў.
Пазней егіпецкія ўлады паведамілі, што самалёт пацярпеў крушэнне над цэнтральнай часткай Сінайскай паўвыспы, дзе знайшлі абломкі лайнера. На яго борце было 217 пасажыраў і 7 членаў экіпажа.
Фота: ntv.ru