МЗС Беларусі лічыць скарачэнне чорнага спісу ЕС недастатковым
Беларускі бок са шкадаваннем канстатаваў, што ў вызначэнні палітыкі Еўрасаюза ў адносінах да Беларусі па-ранейшаму дамінуе інэрцыя мінулага.
Пра гэта гаворыцца ў каментары прэс-службы Міністэрства замежных спраў нашай краіны ў сувязі з рашэннем Савета ЕС, паведамляе БЕЛТА.
Нагадаем, што 30 кастрычніка Савет ЕС вырашыў працягнуць санкцыі супраць беларускіх чыноўнікаў яшчэ на год. Разам з тым паведамляецца, што з чорнага спісу выкрасленыя 24 асобы і 7 прадпрыемстваў.
МЗС назваў гэтае рашэнне Еўрасаюза "чарговай страчанай магчымасцю ліквідаваць асноўную перашкоду для нармалізацыі нашых адносін і пачаць прадметную работу па выбудоўванні ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва ў інтарэсах нашых грамадзян".
На думку беларускіх дыпламатаў, рашэнне Савета ЕС карэнным чынам супярэчыць абвешчанай Еўрасаюзам мэце — "садзейнічаць павазе правоў чалавека, вяршэнства закона і дэмакратычных прынцыпаў".
Разам з тым афіцыйны Мінск назваў скарачэнне санкцыйных спісаў крокам у правільным кірунку, хоць і недастатковым.