МЗС: дзеянні нашых уладаў цалкам адпавядалі міжнародным правілам

МЗС: дзеянні нашых уладаў цалкам адпавядалі міжнародным правілам

"Няма ніякіх сумневаў, што дзеянні нашых кампетэнтных уладаў таксама цалкам адпавядалі ўстаноўленым міжнародным правілам", — так прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз пракаментаваў інцыдэнт з самалётам Ryanair у Нацыянальным аэрапорце "Мінск". 

23 траўня самалёт Ryanair рэйсам Афіны — Вільня быў прымусова, пад канвоем ваеннага знішчальніка, пасаджаны ў мінскім аэрапорце. Беларускі бок заявіў, быццам ёсць звесткі, што на борце самалёта знаходзіцца выбуховае прыстасаванне. З рэйса быў зняты журналіст Раман Пратасевіч — абвешчаны ў вышук экс-галоўрэд тэлеграм-канала, прызнанага ў Беларусі экстрэмісцкім. Таксама сілавікі затрымалі яго дзяўчыну Сафію Сапегу — грамадзянку Расіі.

Самалёт прабыў у Мінску больш за сем гадзін.

"Вядома, чыста па-чалавечы зразумела і сумна, што пасажыры названага рэйса сутыкнуліся з пэўнымі нязручнасцямі. Аднак правілы авіяцыйнай бяспекі — гэта абсалютны прыярытэт, прытым ўсюды і для ўсіх", — заявіў Анатоль Глаз. 

Па яго словах, беларускі бок можа гарантаваць "поўную транспарэнтнасць", а пра неабходнасці — прыняць экспертаў і "прадэманстраваць усе матэрыялы, каб выключыць інсінуацыі".

Заявы замежных палітыкаў, якія асудзілі дзеянні афіцыйнага Мінска, ён назваў ваяўнічымі і паспешлівымі. "Сітуацыя прама і відавочна нагнятаецца. Адбываецца яе наўмысная палітызацыя, гучаць нічым не пацверджаныя абвінавачанні, лепяцца ярлыкі. Пры гэтым няма ніякага бачнага жадання ў ёй аб'ектыўна разабрацца", — выказаў меркаванне прэс-сакратар МЗС.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі