На блогера Андрэя Павука пачалі крымінальную справу (відэа затрымання)
На актывіста Андрэя Павука з пасёлка Акцябрскі (Гомельская вобласць) пачалі крымінальную справу за фальшывае паведамленне пра мініраванне. Пра гэта паведаміла ў сацсетках жонка апазіцыйнага актывіста і блогера Вольга Павук.
Паводле дакумента, які ёй паказалі прадстаўнікі міліцыі, 20 сакавіка ў 9:39 на адрас Гомельскага абласнога ўпраўлення МНС прыйшло паведамленне пра мініраванне будынка па вуліцы Савецкай, 58. Па гэтым адрасе размяшчаецца гасцініца "Акцябрская".
Андрэя Павука затрымалі зранку 20 сакавіка. Момант арышту ён зняў на відэа і выклаў у інтэрнэт.
Супрацоўніца гатэля паведаміла карэспандэнту Еўрарадыё, што яны працуюць у нармальным рэжыме, да іх ніхто не прыязджаў. Тым часам у пастанове на арышт пазначана, што на месца здарэння былі выкліканыя міліцыя, хуткая дапамога і супрацоўнікі МНС.
Дарэчы, у Акцябрскім аддзела МНС журналісту Еўрарадыё таксама паведамілі, што не атрымлівалі паведамленняў аб мініраванні.
Тым часам Следчы камітэт у сваім тэлеграм-канале паведаміў, што за фальшывае паведамленне пачалі крымінальную справу. Быццам бы, паведамленне прыйшло пра мініраванне будынка Акцябрскага райвыканкама. Ён размешчаны па адрасе вуліца Савецкая, 57. Датэлефанавацца ў Акцябрскі райвыканкам журналісты Еўрарадыё не змаглі: там не падымалі слухаўку. У Гомельскім аблвыканкаме прэс-сакратар спярша заявілаі, што нічога пра мініраванне не чула. Пазней яна паведаміла, што ўся інфармацыя з'явіцца ў праваахоўных органаў.