На Беларускай АЭС пройдуць вучэнні ратавальнікаў
11 кастрычніка ў Астравецкім раёне Міністэрства па надзвычайных сітуацыях правядзе дэманстрацыйнае вучэнне. Будзе адпрацоўвацца рэагаванне на радыяцыйныя аварыі з задзейнічаннем сістэмы апавяшчэння, паведамляе прэс-служба ведамства.
Каб не ствараць нязручнасцяў грамадзянам, для эвакуацыі будуць выкарыстоўвацца статысты — навучэнцы каледжа і курсанты ўніверсітэта МНС. Напярэдадні вучэння ратавальнікі паведамілі пра яго ўсім жыхарам навакольных вёсак — 183 чалавекі ў васьмі вёсках.
Паводле легенды, падраздзяленні МНС будуць ліквідоўваць пажар склада дызельнага паліва ва ўмовах аварыйнай абстаноўкі.
На выездзе з вёскі Баброўнікі для рэгістрацыі грамадзян і выдачы адпаведных пасведчанняў будзе арганізаваны зборны эвакуацыйны пункт. У медпункце будуць выдаваць сродкі абароны, правядуць ёдавую прафілактыку. Для выезду з "брудных" зон у "чыстыя" будуць дзейнічаць кантрольна-размеркавальныя пункты. У пункце часовага рассялення на базе мясцовай гімназіі арганізуюць выдачу адзення, харчавання, акажуць медыцынскую і псіхалагічную дапамогу.
На пачатку кастрычніка вучэнні ў выпадку аварыі на БелАЭС адбыліся ў Літве. На іх прысутнічалі літоўскія і замежныя журналісты. Еўрарадыё публікавала рэпартаж з гэтых вучэнняў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.