На беларускі адбор на "Еўрабачанне-2017" пададзена 64 заяўкі

На беларускі адбор на "Еўрабачанне-2017" пададзена 64 заяўкі

На раніцу пятніцы 25 лістапада ў Белтэлерадыёкампанію прыйшло 64 заяўкі на ўдзел у нацыянальным адборы на "Еўрабачанне-2017". Бандэролі ад расійскага прадзюсара Макса Фадзеева яшчэ не паступала, кажуць у прэс-службе кампаніі, затое апроч Nuteki, Navi, The Superbullz і Віталя Варанко цяпер вядомыя і іншыя ўдзельнікі: Napoli (гэта яе прадзюсар ў мінулым годзе прызнаўся ў накрутцы галасоў падчас галасавання), Дыяна Громава, Юлія Глебава, нехта Арцём Саладуха і гурт PROвокация, "Красотки" (школа творчасці Ірыны Дарафеевай), "Strogo Бобруйск" і фрык Аляксандр Бабарыкін


"З усіх заявак, якія да нас дайшлі на сёння, асноўная маса — ад грамадзян Беларусі, — распавядае пра геаграфію паходжання ўдзельнікаў прэс-сакратар Белтэлерадыёкампаніі Святлана Смалонская-Красоўская. — Але таксама прадстаўленая Расійская Федэрацыя некаторымі артыстамі, але не магу сказаць, што гэтыя імёны на слыху, хаця, магчыма, яны вядомыя ў пэўных колах. Таксама прыйшлі заяўкі з Латвіі, Туркменістана, Украіны. Ёсць заяўка ад артыста з Нігерыі, які мае від на жыхарства ў нашай краіне. Ёсць песня аўтара з ЗША".


Песні, якія даслалі артысты, збольшага англа- і рускамоўныя. Але, кажа Святлана, ёсць і некалькі беларускамоўных трэкаў.

Праслухоўванне прэтэндэнтаў на "Еўрабачанне-2017" пройдзе ў Белтэлерадыёкампаніі ў адзін дзень — 30 лістапада. Глядзець яго можна будзе online. Імёны 15 фіналістаў, якія пазмагаюцца за паездку ў Кіеў, будуць вядомыя ўвечары таго ж дня.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі