На "Белшыне" нікога не рэпрэсавалі? "Рабочы рух" каментуе рашэнне суда ЕС
"Белшына"
Масавых пратэстаў на "Белшыне" не было, але супрацоўнікі прадпрыемства, якія выходзілі на пратэсты ў Бабруйску, былі звольненыя, сцвярджаюць у "Рабочым руху".
Надоечы стала вядома, што суд Еўрасаюза зняў юрыдычныя санкцыі з бабруйскага прадпрыемства. Прадстаўнікі Рады ЕС не змаглі давесці, што людзей звальнялі з прадпрыемства паводле палітычных матываў.
"Тады, у 2020 годзе, не ўсе кейсы агучваліся, бо людзі хваляваліся наконт сваёй бяспекі — і нельга сказаць, што неабгрунтавана. Калі людзі, якія застаюцца ў Беларусі, будуць перадаваць свае кейсы ў міжнародныя арганізацыі, яны сутыкнуцца з пераследам. Але застаецца пытанне да тых людзей, якія пакінулі краіну. Чаму яны гэтага не робяць? Магчыма, баяцца за сваякоў унутры краіны", —расказвае Еўрарадыё прадстаўнік "Рабочага руху", экс-супрацоўнік наваполацкага "Нафтана" Аляксандр Сакалоў.
Ён адзначае, што больш масавымі былі пратэсты на буйных прадпрыемствах, дзе рабочыя атрымлівалі добрыя заробкі. Там жа былі і асноўныя рэпрэсіі.
"У Бабруйску ж не было масавых пратэстаў. Чаму? Гэта маё суб'ектыўнае меркаванне, але людзям няма калі думаць пра палітыку, калі яны думаюць пра тое, як выжыць, чым напоўніць лядоўню. У 2020 годзе заробкі на "Белшыне" былі нізкімі. Таму і атрымалася, што людзі з адносна больш высокімі заробкамі змагаліся за дабрабыт і будучыню людзей з нізкім прыбыткам", — кажа Сакалоў.
Пасля рашэння Еўрапейскага суда некалькі экс-супрацоўнікаў "Белшыны" зноў выходзілі на сувязь з "Рабочым рухам", але іх кейсы ў суда ўжо ёсць.
Чаму суд ЕС прыняў такое рашэнне?
"Цяжка адказаць адным словам. Думаю, рэч у еўрапейскай бюракратыі. Не было, на думку суда, дастатковых доказаў [датычнасці кіраўніцтва "Белшыны" да рэпрэсій — Еўрарадыё], былі шчыліны. І беларускія юрысты іх знайшлі", — мяркуюць у "Рабочым руху".
Адна з такіх шчылін — на момант увядзення санкцый "Белшына" была стратным прадпрыемствам. Але зняцце санкцый не азначае, што "Белшына" цяпер можа сабе дазволіць спакойна гандляваць з заходнімі краінамі. Прадукцыя прадпрыемства ўсё яшчэ застаецца пад сектаральнымі санкцыямі.
"Пад сектаральныя санкцыі прадукцыя "Белшыны" ўсё яшчэ падпадае, бо мае падвойнае прызначэнне, — падкрэслівае Сакалоў. — Прадпрыемства вырабляе шыны для розных відаў транспарту — легкавых, грузавых аўтамабіляў, цягачоў. Увесь гэты транспарт можа выкарыстоўвацца ў вайне".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.