На малако да 15%, на хлеб да 20%: МАРГ вызначыў гранічныя гандлёвыя надбаўкі
Беларускі рытэйл / news.uvaga.by
Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю выпусціла рэкамендацыі аб гранічных гандлёвых надбаўках, якія крамы могуць ставіць на сацыяльна значныя тавары. Максімальная надбаўка на малако, кефір, смятану і тварог на думку спецыялістаў ведамства павінна складаць 15%, на ялавічыну, курыцу, алей і хлеб — 20%, на курынае яйка — 25%, а на сыр, муку і свежую гародніну — 30%.
Рэкамендацыі датычацца ўсіх крамаў: і буйных сетак, і невялікіх аб'ектаў. Каментуючы новаўвядзенне ў праграме "Галоўны эфір" на тэлеканале "Беларусь 1", начальнік аналітычнага ўпраўлення МАРГ Павел Філіпаў адзначыў, што лічбы былі выпрацаваныя сумесна з гандлем:
"Гэта ўзровень дастатковы, каб атрымліваць прыбытак па гэтых пазіцыях. І ў мэтах падвышэння даступнасці гэтых тавараў для насельніцтва, перш за ўсё. Па выніках жніўня мы будзем глядзець, дадаткова вывучаць цэнавую сітуацыю па сацыяльна значных таварах па гэтых. І калі станоўчай дынамікі не будзе, і гандаль не прыслухаецца да рэкамендацый, і будзе апераджальны рост цэн у рознічным гандлі па гэтых пазіцыях, мы будзем разглядаць пытанне аб увядзенні часовага цэнавага рэгулявання".
Гэтая мера не спатрэбіцца, калі рытэйлеры ўлічаць прапановы МАРГ. Пакуль жа ў ходзе аналізу рынку супрацоўнікі міністэрства знайшлі крамы, якія накручвалі да 60% ад цаны вытворцы на хлебе і бульбе.
У Беларусі інфляцыя за першае паўгоддзе склала 2,9%. Пры гэтым кошты на некаторыя сацыяльна значныя прадукты ў некаторых крамах выраслі больш чым на 10%.