На Рыка Крыгера ў Германіі пачалі крымінальную справу

Рыка Крыгер падчас абмену

Рыка Крыгер падчас абмену / РЕН-ТВ

У Германіі на Рыка Крыгера пачалі крымінальную справу. Пра гэта журналістам сайта "Зеркало" расказаў Кевін Лік — яшчэ адзін удзельнік маштабнага міжнароднага абмену зняволенымі.

У Беларусі грамадзяніна ФРГ Рыка Крыгера абвінавацілі ў тэрарызме (выбуху на чыгуначнай станцыі Калодзішчы) і прысудзілі да смяротнага пакарання. Потым Лукашэнка яго памілаваў і перадаў для абмену 1 жніўня паміж Расіяй, ЗША і Германіяй.

19-гадовага грамадзяніна Германіі і Расіі Кевіна Ліка затрымалі па абвінавачванні ў дзяржаўнай здрадзе. З Рыка Крыгерам ён ляцеў у адным самалёце, а потым кантактаваў у нямецкай бальніцы.

Лік кажа, што грамадзяне ЗША і Германіі, якія ўдзельнічалі ў абмене, сядзелі бліжэй да пілотаў і не маглі кантактаваць з расійскімі палітвязнямі — тыя былі за фіранкай. Пасля прызямлення ў Германіі і Крыгера, і Ліка накіравалі ў лякарню для абследавання.

"Рыка распавядаў, што ў дачыненні да яго ў Германіі пачалі крымінальную справу. Ён тлумачыў, што нямецкія следчыя павінны разабрацца — гэта прадугледжана нейкім Міжнародным пактам праз тое, што Рыка абвінавацілі ў тэрарызме ў іншай краіне. Яшчэ ён казаў, што ў рамках гэтай крымінальнай справы ў яго сяброўкі ці сваячкі (я дакладна не зразумеў) прайшлі ператрусы. Па словах Крыгера, іх праводзіла паліцыя", — перадае "Зеркало" словы Ліка.

Паводле яго, Крыгер быў у шокавым стане і не расказваў пра перажытае ў Беларусі. Візуальна ж ён выглядаў нармальна, на твары і целе не было ран ці слядоў збіцця.

Лік кажа, што Крыгер падаўся яму звычайным чалавекам, а не агентам спецслужбаў. "Ён медык па адукацыі. Мы хадзілі па бальніцы ў суправаджэнні яе супрацоўнікаў, распавядаў пра тэхніку, якая там была, казаў, што сам працаваў у падобным месцы, быў санітарам", — дзеліцца падрабязнасцямі Кевін Лік.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі