На ўчастку №347 камісія выдаліла ўсіх назіральнікаў і ўсіх журналістаў
Беспрэцэдэнтны выпадак зафіксаваны на выбарчым участку 347 у мінскім мікрараёне Сухарава. Камісія, якой кіруе вядомы бізнэсовец Павел Тапузідзіс, вырашыла выдаліць з участка ўсіх назіральнікаў і ўсіх журналістаў.
Пра гэта ў жывым эфіры Еўрарадыё распавёў назіральнік Алесь Лагвінец. Па яго словах, пад вечар на ўчастак нечакана прыйшла вялікая колкьасць выбарцаў. Незалежныя назіральнікі засумняваліся, ці ўсе з іх зарэгістраваныя на гэтым участку. Назіральнік Пётр Маркелаў запатрабаваў, каб чальцы камісіі паведамілі яму, ці зарэгістраваныя людзі, якія прыйшлі галасаваць. Паколькі ён не адыходзіў ад стала камісіі, то да яго выклікалі міліцыянта: ён затрымаў Маркелава.
Па словах Лагвінца, на ўчастку — вельмі нізкая яўка, нават з улікам датэрміновага галасавання. Да 50%, неабходных, каб прызнаць выбары адбытымі, бракуе 100 галасоў. Між тым, да заканчэння галасавання заставалася каля 20 хвілінаў.