На жаль — не зусім законна. ДАІ распавяла дэпутатам, як супакойвае байкераў
29 жніўня Камісія па прамысловасці, паліва-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі Палаты прадстаўнікоў сабралася на пашыраную нараду. Нагода — абмеркаванне змен у закон “Аб транспартным руху”. Гэта той самы законапраект, якім уводзяцца штрафныя балы за перавышэнне хуткасці, зафіксаванае камерамі відэаназірання.
Але дэпутат Алег Леўшуноў накіроўвае абмеркаванне ў нечаканае рэчышча:
“І вы, напэўна, як жыхары горада адчуваеце нязручнасці, калі начны роў матацыклаў… Невядома, на якой хуткасці яны лятуць, — неспадзявана звяртаецца ён да намесніка начальніка ўпраўлення ДАІ МУС Аляксандра Цагельніка. — Гэта стварае не толькі пагрозу, але і нязручнасці такія, што… Нават выбарцы мае задаюць пытанне: “Калі вы наведзяце тут парадак?”. Адсюль пытанне: якія меры кіраўніцтва ДАІ прадугледжвае, каб навесці ў гэтым парадак?”
Калегу падтрымлівае дэпутат Андрэй Рыбак:
“Чаго сёння не хапае ў заканадаўстве, каб пазбавіць правоў матацыклістаў, якія лётаюць па вуліцы Леніна, дзе мы жывём?! Яны перавышаюць хуткасць 30 разоў за ноч. А ў ДАІ на гэта не звяртаюць увагі!”
“Летась было зафіксавана 1,7 млн перавышэнняў хуткасці. Не стрымлівае гэта людзей! Людзі гатовыя плаціць штраф і працягваюць хутка ездзіць. Менавіта таму і прапаноўваецца бальная сістэма, — гне сваю лінію Цагельнік. — Яна паўплывае на такія правапарушэнні, як перавышэнне хуткасці, і манеўраванне, і праезд на чырвонае святло”.
Тут з месца падрываецца яшчэ адзін дэпутат:
“Пытанне тут не столькі пра перавышэнне хуткасці, колькі пра барацьбу з дэцыбеламі! Дэцыбелы нам не даюць спаць. Хай ён ганяе, калі на тое пайшло. Пытанне пра кантроль тых дэцыбелаў — з гэтым змагацца трэба! Перавышэнне хуткасці другаснае для мяне”, — эмацыйна звяртаецца да прадстаўнікоў ДАІ народны абраннік.
“А калі самалёты пралятаюць, гэта вас не турбуе? Ніхто не будзе бегаць за матацыклістамі і мераць дэцыбелы!” — не вытрымлівае прадстаўнік галоўнага дзяржаўна-прававога ўпраўлення Адміністрацыі прэзідэнта Арцём Праскаловіч.
“Вы, напэўна, ніколі не спалі ў нашым доме! Прыедзьце, паспіце!” — абураецца ў адказ дэпутат.
“Гэта горад, гэта цывілізацыя. Едзьце за горад і атрымліваеце асалоду ад цішыні!”
“Дзякуй!” – абурана кажа дэпутат і сядае.
Але Аляксандр Цагельнік вырашыў не пакідаць пытанне без адказу і распавесці дэпутатам, якія ў супрацоўнікаў ДАІ ёсць магчымасці для змагання з шумнымі матацыклістамі.
“Нам заканадаўча прадстаўленыя паўнамоцтвы па накладанні штрафаў за адсутнасць тэхагляду, за пераробліванне матацыклаў, іншыя парушэнні. Што мы і робім: спынілі — аштрафавалі... Апроч гэтага, ёсць сітуацыі ў Мінску, калі супрацоўнікі ДПС прад’яўляюць прэтэнзіі да сапраўднасці VIN-нумара і забіраюць транспарт на месяц-два для правядзення экспертызы. І правапарушальнік не можа карыстацца гэтым матацыклам. У выніку аказваецца, што з VIN-нумарам усё ў парадку. Гэта таксама мера. На жаль, не зусім законная. Але іншых мер у нас проста няма! Забраць матацыкл мы не можам… Што мы павінны зрабіць?”
Яшчэ народныя абраннікі, якія прыйшлі абмяркоўваць законапраект, просяць ДАІ разабрацца з тымі, хто паркуецца на вуліцы Мяснікова і перашкаджае праязджаць на дэпутацкую паркоўку. Але і гэтае пытанне вырашыць не так проста. Аляксандр Цагельнік адказвае, што сёння ў Мінску недахоп парковачных месцаў складае 50%. Штрафаваць усіх, хто няправільна прыпаркаваўся на дарозе ці ў дварах, ДАІ не можа тэхнічна, бо гэта пагражае павышэннем сацыяльнай напружанасці. А яно нам трэба?
Абмеркаванне змен у закон “Аб дарожным руху” працягнецца. Найперш таму, што далёка не ўсе дэпутаты вераць, што ўвядзенне сістэмы пакарання баламі, дапаможа выправіць сітуацыю на дарогах краіны.