Міліцыя са стральбой затрымлівала п'янага бяспраўніка ў Вілейскім раёне
Аўтамабіль, у якім міліцыянты прастрэлілі кола
24 красавіка каля 20-й гадзіны ў міліцыю паступіла паведамленне, што ў Вілейскім раёне на "Таёце" едзе нецвярозы мужчына.
Экіпаж ДАІ мясцовага РАУС выехаў на сігнал. Знайшоўшы згаданы аўтамабіль інспектар падаў сігнал прыпыніцца. Але кіроўца паехаў далей, пашкодзіўшы міліцэйскае аўто. Даішнікі кінуліся ў пагоню, а парушальнік віляў па дарозе, уцякаючы ад іх. Міліцыянты, як паведамляецца, зрабілі два папераджальныя стрэлы ў паветра, а потым некалькі разоў стрэлілі па колах уцекача і прабілі адно з іх.
Кіроўцу затрымалі. Аказалася, што гэта нецвярозы 37-гадовы мясцовы жыхар. Агляд паказаў у яго амаль 2 праміле алкаголю.
Да таго ж мужчына не меў пасведчання кіроўцы (не атрымліваў) і раней прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за нецвярозую язду.
На парушальніка склалі дзевяць пратаколаў, яго змясцілі ў ІЧУ. За кіраванне аўто ў нецвярозым стане яму пагражае штраф у 8000 рублёў (200 базавых велічыняў).
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.