Нацбанк у лістападзе згладжваў скачкі курсаў. Якога ўзроўню яны дасягнулі б

Нацбанк у лістападзе згладжваў скачкі курсаў валют / Еўрарадыё
Нацбанк у лістападзе згладжваў скачкі курсаў валют / Еўрарадыё

У лістападзе ўпершыню за апошнія пяць месяцаў Нацбанк перастаў скупляць валюту для папаўнення золатавалютных рэзерваў. Наадварот, рэгулятар яе прадаваў для таго, каб згладзіць скачкі курсаў. Еўрарадыё спытала ў эксперта, ці значыць гэта, што без інтэрвенцый Нацбанка курсы валют у Беларусі маглі б значна вырасці.

Вадзім Іосуб, старшы аналітык "Альпары Еўразія", кажа, што без валютных уліванняў рэгулятара курсы ў лістападзе маглі б быць вышэйшымі, аднак, хутчэй за ўсё, нязначна.

— Дакладнай інфармацыі, што робіць Нацбанк — купляе або прадае валюту, у якіх аб'ёмах, няма. Але ёсць некалькі ўскосных прыкмет, якія паказваюць на гэта. Калі Нацбанк на працягу месяца валюту купляе, то ў пачатку наступнага месяца ў прэс-рэлізе аб дынаміцы золатавалютных рэзерваў ён сярод фактараў, якія спрыяюць захаванню ўзроўню рэзерваў або павелічэнню, піша "купля валюты на рынку".

Калі Нацбанк гэтага не піша, значыць, у мінулым месяцы ён валюту не купляў, а прадаваў. І вось у прэс-рэлізе аб стане золатавалютных рэзерваў па выніках лістапада фразы аб тым, што Нацбанк купляў валюту, няма, — адзначае аналітык. — Значыць, ён яе прадаваў. Папярэднія чатыры месяцы — з ліпеня па кастрычнік, Нацбанк валюту купляў.

Як тлумачыць Вадзім Іосуб, Нацбанк купляе валюту тады, калі на рынку назіраецца перавышэнне прапанавання над попытам: здаецца больш, чым хочуць купіць. І вось гэтую розніцу Нацбанк можа набыць.

— Мы ведаем, што Нацбанк прадаваў валюту, але сказаць дакладна колькі — нельга, таму што такой статыстыкі няма. Аднак ёсць статыстыка па аперацыях на валютным рынку, дзе расказана, што рабілі іншыя суб'екты, — працягвае суразмоўнік. — Яны ўсе дзеляцца на прадпрыемствы-рэзідэнты, прадпрыемствы-нерэзідэнты, банкі і фізасобы.

Па гэтых паказчыках відаць, колькі на чыстай аснове кожны з іх купіў, а колькі прадаў. Атрымліваецца, што ў лістападзе прадпрыемствы-рэзідэнты былі пакупнікамі валюты на чыстай аснове, прадпрыемствы-нерэзідэнты — прадаўцамі на чыстай аснове, банкі — пакупнікамі, а насельніцтва — прадаўцом.

Калі ўсё гэта падсумаваць, то атрымліваецца, што ўсе гэтыя суб'екты на чыстай аснове былі пакупнікамі і купілі валюты больш, чым прадалі. Але розніца была вельмі-вельмі сціплай — 7,9 мільёна долараў.

З гэтага можна выказаць здагадку, што Нацбанк для згладжвання ваганняў курсаў прадаў за месяц прыблізна 8 мільёнаў долараў. Гэтую суму ніяк нельга назваць значнай.

— Калі б Нацбанк не прадаў гэтую валюту, то, хутчэй за ўсё, курсы былі б вышэйшыя. Наколькі вышэйшыя, разлічыць немагчыма. Адзінае, што можна сказаць дакладна, адсутнасць вось гэтага прапанавання ў суме 8 мільёнаў долараў за месяц, хутчэй за ўсё, прывяло б да вельмі нязначнага падвышэння курса валют.

Для разумення: сярэднясутачны абарот беларускага валютнага рынку — і біржавога, і пазабіржавога, і наяўнай валюты — прыблізна 345 мільёнаў долараў. Рынак наяўнай валюты — каля 39 мільёнаў долараў у дзень.

Гэта значыць, 8 мільёнаў долараў — гэта чвэрць сутачнага абароту толькі наяўнай валюты. Калі гаварыць пра паказчык за месяц, то гэта наогул кропля ў моры, — кажа Вадзім Іосуб.

Аднак 8 мільёнаў — гэта падсумавальны паказчык. Можа, у асобныя дні Нацбанк купляў на дзясяткі мільёнаў, у іншыя — прадаваў на дзясяткі мільёнаў. Магчыма, у тыя дні, калі попыт істотна перавышаў прапанаванне, Нацбанк прадаваў больш значныя сумы.

Але гэта кампенсавалася тым, што ў іншыя дні, калі прапанаванне перавышала попыт, ён купляў больш значныя сумы. Гэта значыць, без удзелу Нацбанка ў асобныя дні курс замежных валют мог расці мацней, а ў іншыя мог мацней падаць.

— Калі Нацбанк прадае валюту, гэта не вельмі добра. Бо гэта прыводзіць да зніжэння золатавалютных рэзерваў. Але ў гэтым выпадку 8 мільёнаў долараў ад агульнай сумы ЗВР 8,5 мільярда — гэта менш за 0,1%, — падлічвае эксперт. — У сакавіку, у верасні мінулага года Нацбанк за месяц быў вымушаны прадаваць сумы каля мільярда долараў. Вось гэта вельмі прыкметна. І без такіх продажаў што б адбылося з курсамі, нават дапусціць складана. Цяпер сітуацыя непараўнальная.

У лістападзе чыстым прадаўцом валюты стала і насельніцтва. Аднак, паводле слоў Вадзіма Іосуба, гэта не нейкая новая тэндэнцыя.

— Насельніцтва на чыстай аснове ў мінулым месяцы прадало 76,6 мільёна долараў. Аднак фізасобы чысты прадавец ужо пяць месяцаў — з ліпеня. Гэта значыць, што людзі прадаюць раней зробленыя запасы ў валюце. Прадаюць валюту, якую яны зарабляюць за межамі краіны і прывозяць сюды.

Часткова гэта могуць быць працэсы пераводу валютных дэпазітаў у рублёвыя. Па рублёвых сталі больш выгадныя стаўкі, — растлумачыў аналітык.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі