Наступствы могуць быць фатальнымі — эксперт пра "Нафтан" без нафты з РФ

НПЗ "Нафтан" у Наваполацку /novopolotsk.by
НПЗ "Нафтан" у Наваполацку /novopolotsk.by

Калі буйныя расійскія кампаніі сапраўды адмовяцца ад паставак нафты на наваполацкі "Нафтан", то "наступствы могуць быць фатальнымі", заявіла "Нашай Ніве" эканамічны аглядальнік "Белрынка" Таццяна Манёнак.

Яна нагадала, што на долю "Нафтана" прыпадае палова ўсяго аб'ёму нафты, якая перапрацоўваецца ў краіне. Прадукцыя прадпрыемства ідзе і на ўнутраны, і на знешні рынкі.

"Замясціць гэтыя аб'ёмы аб'ектыўна будзе вельмі цяжка: мы бачым з якімі цяжкасцямі адбываецца дыверсіфікацыя (паставак нафты — Еўрарадыё). Невялікія партыі ідуць з Азербайджана, але калі забаяцца расіяне, то, імаверна, забаяцца пастаўляць і астатнія?", — кажа эксперт.

Яна выказала здагадку, што ў гэтай сітуацыі расійскія пастаўшчыкі могуць пераарыентавацца на Мазырскі НПЗ, які не трапіў пад санкцыі. Адначасова Мінск будзе шукаць у Расіі маленькія нафтавыя кампаніі са сціплымі абаротамі, якія не пастаўляюць сыравіну за мяжу, і таму могуць не баяцца заходніх санкцый.

Праўда, гэтыя кампаніі "змогуць паставіць аб'ёмы, дастатковыя хіба што для падтрымкі цыкла вытворчасці, бо спыняць завод вельмі дорага, трэба, каб ён хоць нешта перапрацоўваў", адзначыла эксперт.

Пры гэтым Таццяна Манёнак прызналася, што не вельмі верыць у агучаную інфармацыю — пра тое, што расійскія кампаніі вырашылі адмовіцца ад паставак нафты ў Беларусь з-за амерыканскіх санкцый. Яна нагадвала, што падчас дзеяння санкцыі ЗША супраць "Белнафтахіма" (да таго, як яны былі прыпыненыя ў 2007 годзе) расіяне не баяліся пастаўляць сюды нафту.

Напярэдадні агенцтва Reuters са спасылкай на свае крыніцы паведаміла, што расійскія "Раснафта" і "Сургутнафтагаз" нібыта не плануюць пастаўляць сыравіну "Нафтану" ў траўні 2021-га. Акрамя таго, яшчэ ў шэрагу расійскіх кампаній заявілі, што чакаюць "рашэнні начальніка". Нафту, якая прызначалася для Наваполацка, мяркуецца перанакіраваць ў марскія парты на экспарт.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі