Наталля Качанава дабудавала катэдж у Драздах і перапісала на дачок
Былая кіраўніца Адміністрацыі прэзідэнта, а цяпер старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава дабудавала катэдж у пасёлку Дразды-2 пад Мінскам. У снежні 2019 года чыноўніца падарыла дом дзвюм сваім дочкам, піша "Наша Ніва".
Качанава кіравала Адміністрацыяй прэзідэнта з 2016 па 2019 год. У тым жа 2016-м яна атрымала ўчастак пад забудову. Там і быў узведзены катэдж плошчай 320 квадратных метраў.
У снежні 2019-га чыноўніца перапісала дом у роўных долях на сваіх дочак — Вольгу і Алену Качанавых.
Паведамляецца, што старэйшая дачка Вольга — педыятр па адукацыі. Яна скончыла Беларускі дзяржаўны медуніверсітэт, а потым разам з мужам працавала ў радзільні ў Наваполацку.
Малодшая Алена вучылася на гісторыка-філалагічным факультэце Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта.
У Драздах-2 вылучаюцца ўчасткі пад будаўніцтва катэджаў для вярхушкі беларускіх чыноўнікаў, а таксама прадстаўнікоў бізнэс- і спорт-эліты. Вылучэнне ўчасткаў адбываецца са згоды кіраўніка дзяржавы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.